У такія сьвяточныя калядныя дні ў гатэлі ўсе сумныя, бо ізноў спачатку караюць ахоўнікаў на КПП, потым камэрамэнаў, і праз усю гэтую кагорту адна вялікая пізьдзюліна дастаецца начальніку аховы Піліпу Андросавічу, які ходзіць без гумору, апусьціўшы плечы й нават забыўшыся на сваю налакаваную фрызуру, зачасаную набок.
Піліп Андросавіч – былы кадэбэшнік, – як ні дзіўна, выглядае выкшталцона ў сваім гарнітуры, заўсёды сьвежа пахне адэкалёнам і заўсёды ў яго памыты BMW Х5, нават калі на вуліцы па шыю бруду, ня ведаю – сусьветны Армагедон, ягоная машына такая ж, як і ён, – блішчыць. І вось сапраўды ў цэлым годзе ёсьць некалькі дзён, калі Піліпа Андросавіча не пазнаць, і ў тыя ж дні не пазнаць нікога, асабліва вартаўнікоў на КПП.
Вартаўнікі КПП усіх правяраюць тройчы, ня толькі мэталашукальнікам, але зазіраюць туды, куды не заўсёды зазірне паліцэйскі на памежным пасту ў аэрапорце, бо ўсе шукаюць тых злосных здраднікаў, якія накралі на тысячы эўра й яшчэ, можа, і на працу ходзяць, беленькія такія, чысьценькія і ані каліва сумленнасьці. І, вядома, у такія дні на КПП сапраўды трапляюцца тыя, хто спрабуе пранесьці гатэльную маёмасьць, нягледзячы на тое, што ўсе ўсё ведаюць і дакладна ведаюць пра звышпільны догляд.
Галя прыбіраецца ў спа і ў сталоўцы для пэрсаналу. Галя – звычайная адчайная жанчына за сорак, без адукацыі, бяз мараў, безь імпэту, працуе па інэрцыі і нікуды не імкнецца, спраўна па талёнчыку абедае й вячэрае, у кішэньцы трымае рукою мабільны тэлефон нават у прыбіральні, бо кожную хвіліну могуць пазваніць альбо Юлія Цімафееўна, альбо Міхаліна (ня дай божа каб апошняя званіла) і тэрмінова паклікаць падцерці падлогу за кім-небудзь з пастаяльцаў або кліентаў, якія, прыйшоўшы з вуліцы, забыліся на бахілы й паўсюль пакінулі свае адбіткі.
Галю затрымалі на КПП з рушніком, звычайным белым рушніком, ён ляжаў у яе паверх працоўнай вопраткі, бо Галя лічыла, што калі навідавоку, то ня знойдуць альбо падумаюць, што гэта яе, але ж Галя не падумала, што ў рушніка ёсьць, акрамя этыкеткі з лэйбам гатэлю, якую яна адрэзала, яшчэ й фатаздымак і кароткае апісаньне з указаньнем памераў, колеру й фактуры, па якім ахова апазнала скрадзеную рэч.
Звольнілі па артыкуле.
Паліна – самая пульхная з усіх прыбіральшчыц, самая яскравая й сьмяшлівая – нікому не давала спакою, прыбіралася ў галоўным холе і на бары. Паліна заўсёды ведала, што трэба быць самым хітрым у сьвеце, каб незаўважна выносіць маёмасьць з гатэлю. За тры месяцы працы яна здолела схаваць пад вопраткай ня толькі пяць рушнікоў для ног, тры пары аднаразовых тапак, але й пакецікі цукру, чакалядкі і чайныя лыжачкі.
Паліну абшукалі на КПП і, можа быць, нічога й не знайшлі б, калі б вартаўнік ня ўспомніў, проста так, для жарту, свой досьвед працы турэмным назіральнікам і не сказаў свайму калегу, каб той паглядзеў у жанчыніны боты.
У Паліны пад сьцелькамі ў абутку знайшлі тры пакецікі зялёнай гарбаты “Грынфілд”.
Сьвятлана нічога ня крала і на клептаманію не хварэла… Сьвятлана прыбіралася ў тых самых месцах, дзе й Паліна і Галя, але яна была на іншае зьмене, таму з жанчынамі не перасякалася, але бачылася з адміністратарамі, якія працавалі такім чынам, каб трапляць адразу на дзьве розныя зьмены і быць у курсе ўсіх падзеяў. Сьвятлана адразу ўзяла за звычку прыходзіць на працу й скардзіцца на тое, як “напрыбірала” іншая зьмена: “Ой, не, ну вы паглядзіце, у пыласосе не памянялі картрыдж… Не, ну дзе вы бачылі, каб так мылі падлогу, адны пісягі паўсюль! І гэта называецца вільготнае прыбіраньне паверхні!” і г. д.
Звычайна ад Сьвятланы можна было за працоўны дзень столькі ўсяго начуцца, датычнага іншай зьмены прыбіральшчыц, што адміністратары часта не вытрымлівалі й сварыліся на яе, тым болей калі ў памяшканьні знаходзіліся кліенты. Вось вы, напрыклад, пасьля масажу й малочнай ванны ляжыце ў халаце ў пакоі для адпачынку, грае “дзіп рэлакс”, вакол лунае водар духмянак… і тут увальваецца Сьвятлана, ные пра нешта, скардзіцца, крытыкуе пыл у кутках і кепска памытую падлогу.
Вядома, яе спрабавалі перавыхаваць, але трэба ж было аднойчы зайсьці дырэктару гатэля Гнюсэлю ў спа па справах… і што ён пачуў!
– Так! Я не раўзумею! Што гэта за свавольства! Вы што, лічыце, што я тут буду за кожным падціраць?! Дзе бахілы?!
Дырэктар гатэлю адрэагаваў досыць спакойна, ён ціхенька сабе пачырванеў, ускіпеў дзесьці ўнутры да пякоткі, разьвярнуўся й пайшоў да Міхаліны, каб там, у чатырох сценках досыць свабоднага пакоя, накрычацца на месяц наперад.
Праз трыццаць хвілін Сьвятлану звольнілі.
Але што азначае звальненьне для чалавека, які працаваў як мог і шчыра верыў у сваю праўду? На наступны дзень Сьвятлана прыйшла ў аддзел кадраў і сядзела там, і плакала, і адмаўлялася сыходзіць, пакуль яе ня вернуць, казала, што не пазнала дырэктара, казала, што ў яе становішча цяжкае, ёй нельга бяз працы, яна аплочвае адваката, які судзіцца з адным мянтом, які тры месяцы таму забіў яе сына. Было гэта так:
Сын Сьвятланы, Коля, 19 год, панк, сядзеў на прыпынку а 12 ночы, п’яны, чакаў транспарту ехаць дамоў, да яго падышлі два міліцыянэры, пачалі дапытвацца… Коля, доўга ня думаючы, паслаў іх нахуй. Хлопца спачатку зьбілі, а потым адвезьлі ў малпоўню, а на раніцу выявілася, што ён памёр… Пазьней судовая экспэртыза пастанавіла сьмерць ад шырокай гематомы брушной поласьці. Мянты на ўсё казалі, што проста прывезлі п’янога хлопца ў малпоўню, каб той ня трапіў у непрыемнасьці, і хлопец ужо быў пабіты.
Празь некалькі дзён Колеў сябар выпадкова, калі рэчы памерлага вярнулі маці, выявіў на тэлефоне кароткае відэа, дзе бачна, як адзін мент заходзіць у камэру й пачынае манатонна, з хрыпам у лёгкіх, біць амаль непрытомнага Колю-панка па вонкавым жыцьці, рамантыка ўнутры… Адвакат, гатовы ўзяцца за гэтую ад пачатку стромную ў нашай краіне справу – судзіцца зь мянтом, – бярэ шмат грошай.
Вось і хто тут цяпер Сьвятлана? Ахвяра? Сьмешная злая жанчына? Проста неразумная баба? Хамка-прыбіральшчыца?
Яе на працу не вярнулі, бо ніхто ня вырашае лёс працаўнікоў у гатэлі, акрамя дырэктара, які ня хоча чуць ніякіх тлумачэньняў, хіба толькі калі Сьвятлана сама ня зьвернецца да яго на ангельскай альбо на турэцкай мовах.