Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

З адной такой жанчынай, якая проста села каб папіць кавы, жанчынай прыгожай, зь вялікім бюстам, які ажно выскокваў з адзежы, ён і пазнаёміўся. Яе, як высьветлілася, завуць Ганнай, раней яна працавала ў гатэльным бізнэсе, але цяпер вырашыла вучыцца ва ўнівэрсытэце на эканаміста.

Ён ажаніўся зь ёй празь месяц, праз два яна зацяжарыла… Юру пачалі ненавідзець усе бармэны й ахоўнікі, бо яму шчасьціла… Гэтаму брыдкаму, сьмярдзючаму, тоўстаму, лысаму ёлупню шчасьціла з жонкаю, з кватэраю і нават зь дзецьмі, а Юра ні на каго не зьвяртаў увагі, спраўна жыў у сваёй ладна адрамантаванай шасьціпакаёўцы і толькі зручней уладкоўваўся нагамі, каб тыя ня сьлізгалі па прасьціне, і паскараў рухі, трымаючы адной рукою жончыны грудзі, а другою заціскаючы ёй вусны, каб тая ня так гучна крычала, і маўкліва паскараў рухі…

Юра чакаў зручнага часу, калі да яго за бар увечары прысядзе адпачыць Міхаліна, галоўны мэнэджар, ён прыгатуе ёй свой фірмовы кактэйль, і яны разам, выпіваючы, прабавяць колькі часу, і тады Юра раптам успомніць пра гарэлку афіцыянтаў, пра нумар 607, пра касу й астатніх бармэнаў, бо сям’я пашыраецца, трэба атрымліваць павышэньне па працы, трэба караскацца па кар’ернай лесьвіцы… Але не напружана, ціха, маўкліва, упарта, павольна мяняць вакол сябе супрацоўнікаў.

Нумар 607

Нумар 607 належаў да тых нумароў, якія простым сьмяротным замежнікам недасяжныя. Самы дарагі й каштоўны. Гатэль месяцамі можа здаваць усе свае нумары па паверхах, але гэта не прыносіць такога прыбытку, як суткі ў нумары 607. Як толькі гатэль адчыніў свае дзьверы, у гэты ж дзень знакаміты нумар быў куплены на тры гады наперад.

Сакратар аднаго вельмі вядомага й буйнога расейскага нафтавіка пазваніла на рэцэпцыю, прамовіла, што спадар Такі-та хоча самы лепшы нумар і што для яго вельмі істотная рэч – інкогніта. На рэцэпцыі прамовілі, што ёсьць нумар 607 са сваім прыватным ліфтам, прыватнай рэстарацыяй і асобным паркінгам, і ніхто, акрамя дырэктара гатэлю, ня будзе дакладна ведаць, хто жыве ў гэтым нумары. Сакратар назвала банкаўскі рахунак, празь які будуць праходзіць апэрацыі па аплаце пражываньня і ўсяго, што купляецца й замаўляецца ў нумар 607.

На працягу года нумар не наведвалі, штодня пакаёўкі праціралі пыл, штодня з рахунка здымаліся грошы. Ніхто ня ведаў, хто жыве ў нумары й ці ўвогуле ёсьць якісь уладальнік гэтых пакояў.

Нумар 607 быў куплены не для нафтавіка, а для яго сям’і і для таго, каб блытаць журналістаў і ворагаў. Нафтавік звычайна жыў у прыватным доме на вуліцы Багдановіча, а сям’я рэдка, але жыла ў гатэлі.

І тут у аднаго з бармэнаў, у Кастуся зьявілася жаданьне паесьці марозіва за кошт нумару… Ён зрабіў сабе марозіва, пад’еў і прабіў кошт на нумар 607, і ніхто не заўважыў. На другі раз на сваёй зьмене афіцыянтцы, якая яму падабалася, ён прыгатаваў безалькагольны кактэйль, і зноў сьвет не абрынуўся, начальства не панікавала, што хтосьці правёў аплату па адкрытым нумары, у якім нікога няма. Трэці раз Кастусь набіў на нумар ажно тры порцыі фірмовага Кантынэнтальнага сьняданку, з падвойным апэльсінавым сокам і двайным бэконам, для сябе, для афіцыянткі й для ахоўніка Сашы. Зьелі ўсё ў пакоі для адпачынку афіцыянтаў.

Праз тыдзень увесь гатэль ужо жыў за кошт нумару 607.

Нафтавік так ніколі й не заўважыў, што на працягу двух год ён плаціў за абеды й алькаголь штодзённа амаль кожнаму з сарака супрацоўнікаў гатэлю з рэстараннай сфэры, пакуль аднойчы пасьля працы стомленая Міхаліна ня села за бар да Юры, які сьціпла націраў шкло келіхаў для каньяку.

– Як звычайна, Юрасік, даўно цябе ня бачыла, усё ўноч ды ўноч? Віншую з папаўненьнем у сям’і. Што новага, даражэнькі? – Міхаліна ўсьміхнулася й запаліла цыгарэту.

– Новага шмат чаго і старога таксама, таго, пра што я вам не распавядаў, – прамовіў Юра й па-змоўніцку ўсьміхнуўся.

Шэйх

Летняй раніцою ў гатэль засяліўся шэйх з жонкай, малодшым сынам, намесьнікам, пэрсанальным кіроўцам, трыма ахоўнікамі, бухгальтарам і фінансавым распараджальнікам.

Прыехаў шэйх для таго, каб пабачыцца зь цешчаю.

Жонка паехала з пэрсанальным кіроўцам па крамах і трапіла ў аварыю. Кіроўца на месцы памёр, жонка ў коме ў бальніцы. Шэйх затрымліваецца тут на нейкі тэрмін. Намесьнік адпраўлены разам з бухгальтарам назад у Дубаі весьці бізнэс.

Шэйх з таго сорту мужчынаў, якія грошы на вецер проста так не пускаюць. Пражыўшы трое сутак у гатэлі, ён вырашыў, што эканомней будзе зьняць кватэру і адаслаў свайго фінансавага распараджальніка з пэўным загадам да вечара перавезьці яго куды-небудзь у больш утульнае жытло.

Перад ад’ездам запрасіў мяне у госьці, мы з ім адразу добра пасябравалі. Ён сказаў, што ў яго сын майго ўзросту, але яны ня бачыліся ўжо дванаццаць год, бо той спачатку вучыўся ў амэрыканскім каледжы закрытага тыпу, а цяпер заканчвае Калумбійскі ўнівэрсытэт, а ў шэйхавай сям’і традыцыя – ня бачыць старэйшага сына, пакуль ён ня стане мужчынам і ня будзе здольны пераняць бацькаў бізнэс.

І шэйх чакаў яго прыезду праз два тыдні ў Дубаі, але цяпер, з такой раптоўнай трагедыяй, ня ведае, што будзе далей, напэўна, сын Абдул прыедзе да яго сюды ў Менск. У любым выпадку, дзе б гэта ні адбылося, яны хутка сустрэнуцца, і сын стане новым дырэктарам усіх ягоных нафтавых сьвідравін, а ён застанецца прэзыдэнтам кампаніі з рэшткамі паўнамоцтваў.