Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

На рэцэпцыі ўсё пералічылі й запісалі разьлікі.

Дабраславі Алах дзьвюх беларускіх бляндынак! Яны выратавалі сто катарцаў, якія маглі ганебна вярнуцца на радзіму, не даведаўшыся, што гэта такое – беларуская жанчына!

Дзяўчыны пакінулі сьцены гатэлю толькі на трэція суткі, кожная мела па дзесяць тысяч эўра.

Дзяўчыны ледзь перасоўвалі нагамі, яны былі напампаваныя мусульманскай спэрмаю, целы моцна балелі, рукі-ногі былі ў крывападцёках, цяжка, моташна, жудасна, але радасна, цяпер яны адпачнуць, расплоцяцца з пазыкамі й за кватэру, прыдбаюць новай адзежы, абутку, касмэтыкі й на працы адначасова стануць даражэйшымі ўдвая. Шчасьце!

Дырэктар гатэлю так і не даведаўся, чаму гэта за два тыдні да ад’езду ўсе катарцы сталі прыбірацца ў нумарох, паздымалі свае майткі й шкарпэткі з вокнаў і павесялелі. Яму так ніхто й не распавядзе, што вайскоўцы на радзіме будуць усім знаёмым паказваць штосьці на экранах сваіх мабільных тэлефонаў, а знаёмыя будуць толькі выпучваць вочы й клясьціся, што абавязкова да сьмерці аднойчы патрапяць у гэты казачны Менск.

Урачыстае адкрыцьцё

Савецкасьць мысьленьня тут, у Менску, паўсюль, і гэта добра відаць па працы чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія вешаюць на свае грудзі гронкі мэдалёў і даюць адзін аднаму званьні й граматы. Пра гэта сьведчаць дзяржаўныя арганізацыі, асабліва моладзевыя. Пра гэтую застойную савецкасьць сьведчаць дзяржаўныя сьвяты…

Гатэль узводзілі нядоўга. Нанятыя будаўнікі былі рознакаляровыя, у камандах прысутнічалі як самі беларусы, так і ўкраінцы, туркі, рускія, казахі, кітайцы, карэйцы, нават колькі мужчынаў з Вэнэсуэлы і адзін самотны паляк. Усе працавалі спраўна, ніхто нікуды не сьпяшаўся, звонку гатэль быў хутка завершаны, але знутры яшчэ толькі дасыхала тынкоўка, па сутнасьці заставалася два месяцы на дапрацоўку і ўсё, можна было прымаць наведнікаў, пастаяльцаў, кліентаў. Але раптам паступіў загад кіраўніцтву гатэля: нягледзячы ні на што, нават на тое, што гатэль прыватны і належыць буйной міжнароднай кампаніі, урачыста адкрыць яго на дзень горада, абавязкова разам з прэзыдэнтам краіны, і адразу ж засяліць колькі сяброў-замежнікаў самога прэзыдэнта. Кіраўніцтва гатэлю было абвыклае да спраўных дзелавых стасункаў у Эўразьвязе як з прэзыдэнтамі, так і з падначаленымі, але не разумела такога загаду: то-бок чаго гэты чалавек сунецца ў прыватны бізнэс? Але, каб не было нейкіх недарэчнасьцяў і сварак ад самага пачатку разьвіцьця бізнэсу, было вырашана дзейнічаць па загадзе “зьверху”.

Усе будаўнікі былі прымушаныя працаваць па дзьве зьмены запар, і днём і ноччу, але галоўны брыгадзір, які меў досьвед працы на будоўлях Турцыі, Канады й Нямеччыны, хваляваўся, назвоньваў Ніндзю й яго сакратарам і скардзіўся, што да ўрачыстага адкрыцьця на дзень горада яны не пасьпяваюць, і раіў паслаць куды падалей гэтыя загады “зьверху”, няхай там увогуле будуць удзячнымі, што было вырашана адчыніць тут гатэль!

І вось, нарэшце, калі ласка, адкрыцьцё! Дзень горада! Прэзыдэнт, уладальнік і дырэктар стаяць разам, усьміхаюцца вельмі нацягнута, аточаныя натоўпам людзей са сьцяжкамі з гербам сталіцы й сінімі і белымі балёнікамі. Трое мужчын у гарнітурах разразаюць чырвоную стужку – гатэль адкрылі. Далей ідуць афіцыйныя словы, віншаваньні, пажаданьні ўдачы. Потым пампезна засяляюць трох вельмі важных паноў: фармацэўтычнага барона, мусульманскага нафтавіка й бізнэсоўца вэнэсуэльца.

Назаўтра з ранку і да наступнай раніцы – дождж ліе няспынна, верасень, а то ж.

Пасьля дажджу выяўляецца, што ўвесь нулявы паверх цалкам затоплены, заліта ўсё да столі, уся тэхніка: пральныя й прасавальныя машыны, кампутары, маніторы, барныя крэслы, дываны, канапы, ручнікі, газонакасілкі й машыны для мыцьця падлогі. Жах!

Выклікаюць аварыйную каманду, выкачваюць ваду. Тры галоўныя пастаяльцы гатэля абураюцца, яны, разбэшчаныя ёлупні, чакаюць сваіх чыстых гарнітураў, сваёй ранішняй кавы і сьвежай газэты… Яны ня хочуць нават і чуць пра нейкія праблемы й перашкоды, гэта пяць зорак, і ім з гэтае нагоды трэба тэрмінова падзьмуць у іхныя валасатыя дупкі.

Амар Алі Айамар, зьбялелы, нэрвова ўздрыгвае кожны раз, калі яму звоніць у кабінэт Ніндзя, ён сутаргава пацірае шыю, цярэбіць словы ў роце, клянецца ўсё хутка выправіць.

Што рабіць?! Што рабіць?! Што рабіць?! Выклікалі каманду будаўнікоў, брыгадзір сумленна нагадвае: ён жа казаў, што тут працы яшчэ на два месяцы! Не, ня слухалі! А цяпер увогуле хрэн яго ведае, колькі часу трэба, каб асушыць усю гэтую багну!

Каб прасушыць нулявы й першы паверхі, было вырашана ўключыць батарэі, а потым ужо наноў тынкаваць сьцены й фарбаваць іх. Добра, што гэта быў нулявы паверх, які належаў толькі пэрсаналу гатэлю і патрабаваў адно касмэтычнай афарбоўкі…

Уключылі батарэі, ад рэзкага скоку тэмператур трубы на другім, першым і нулявым паверхах ня вытрымалі й лопнулі, цяпер ужо палова гатэлю паволі залівалася гарачай вадою…

Але галоўнае што? Галоўнае, што адчыніліся ўрачыста! З балёнікамі, чырвонай стужкай, паважанымі першымі пастаяльцамі! Галоўнае і тое, што да ўрачыстага адкрыцьця прыватнага гатэлю быў далучаны прэзыдэнт, а большага нам і ня трэба!

Што рабіць далей? Гэта быў шахматны цугцванг – які ход ня зробіш, усё адно будзе кепска й штосьці страціш. Такім чынам, гатэль другі раз вымушаныя былі адчыніць толькі праз тры месяцы. Трох паважаных пастаяльцаў выселілі, яны кожны напісалі абразьлівыя сказы як у кнігу скаргаў, так і асобна прэзыдэнту краіны й прэзыдэнту міжнароднай гатэльнай кампаніі Ніндзю.

У адказ былі напісаныя афіцыйныя вымовы ад прэзыдэнта краіны на адрасы Ніндзі і Амара. Але ці дайшлі гэтыя вымовы да адрасатаў – невядома. Напэўна, гэтыя ганебныя паперкі, падпісаныя істотай, хворай на манію велічы, ператварыліся ў адзін мэтафізычны ганебны ліст, які зьнік у прасторы й цяпер існуе ў паралельным сьвеце, дзе замест гатэлю стаіць старая кнайпа, а ўладальнікам яе афіцыйна значыцца пацук.