Чорнае паліто
У дзьверы настойліва званілі. Я скрозь сон не разумеў, што адбываецца, здавалася, што званілі акурат у маім сьне, што хтосьці турбаваў мяне падчас выдатнай мроі, дзе я быў у дзіўным падарожжы, і тут раптам навокал пачуліся невядомыя гукі, незвычайны звон, нібыта спачатку ціўкалі птушкі, потым я скеміў, што гэтак сыгналіць аўтамабіль, але бліжэй да рэальнасьці, усплываючы на паверхню матэрыяльнага існаваньня ў напаўцёмным пакоі, ледзь асьветленым ліхтаром з вуліцы, я пачаў разумець, што хтосьці звоніць ва ўваходныя дзьверы. Жонка спала, але неспакойна, варушылася – яшчэ званок, і яна прачнецца. Гляджу на фосфарныя лічбы на цыферблаце гадзіньніка – кароткая стрэлка паснула на трох гадзінах. Я апускаю ногі на прахалодны лінолеум, перабіраюся на паласнае пакрыцьцё ў калідоры й іду адчыняць дзьверы.
Зьбянтэжанасьць, злосьць, разгубленасьць. Хто гэта будзе званіць а трэцяй ночы?! Мне раніцою на працу! Аніякага адпачынку! Ніякага паратунку, нават ва ўласнай кватэры!
Адмыкаю дзьверы, думаю, што калі гэта брат ізноў ня ўзяў ключы, буду сварыцца! Перад дзьвярыма затрымліваюся, пазіраю ў вочка, бачу тоўстага лысага мужыка, апранутага ў чорнае паліто… Што за?!
– Гэй, гэй, адчыняй! – раве на дзьверы тоўсты мужык. – Адчыняй, Ванька дома?! Пазаві мне Ваньку! Чуеш? Хто там?! Ванька, гэта ты? Адчыняй, у мяне з сабою каньяк! Альлё! Блядзь!
Я настолькі раззлаваны, што адразу не знаходжу моцы штосьці сказаць, чакаю колькі сэкунд, а потым выбухаю: – А ну пайшоў адсюль! Казёл! Няма тут ніякага Ванькі! Дай паспаць! Ніякага паратунку няма ад гэтых паганых людзей! – крычу я, адначасова зазіраю ў вочка.
Мужчына відавочна зразумеў, што не туды пазваніў. Скамечана прамовіў: “Ізьвяніце”, паклаў у нагрудную кішэню чорнага паліто бутэльку каньяку, агледзеўся вакол, потым зашпіліўся й зьнік.
Я, стоячы ў адных майтках, перабіраючы голымі нагамі ад холаду, бо так сьпяшаўся адчыніць дзьверы, што запамятаваў пра тапачкі й халат, стаю з голаю сракаю і чую, як за сваімі мэталічнымі дзьвярыма заварушыліся суседзі, шчоўкаючы замкамі, торгаючы дзьвярной ручкаю, напэўна, праклінаючы мяне й “майго” сабутэльніка, які дадумаўся пасярод ночы пазваніць у дзьверы! Трэба ж заставацца ў межах прыстойнасьці! Людзям раніцай на працу!
Я вярнуўся ў пакой, накрыўся і, перад тым як праваліцца ў кароткі трохгадзінны сон, адчуў, як жонка заварушылася, прачнулася, спытала мяне, хто званіў у дзьверы, пачула ў адказ мацюкі і, пакінуўшы мяне ў спакоі, пайшла ў прыбіральню, не запальваючы сьвятло.
Інвэстар
Інвэстар быў мужчынам яскравым, прыгожым, маладым і ладным, жыў на дзьве краіны, два дамы: Англію й Беларусь, і для адкрыцьця сваёй першай франшызы на тэрыторыі горада дзяцінства ён абраў гатэль. Усё разьлічыў: гэта мусіць быць самым выгодным месцам і надзейным стартам, які потым забясьпечыць старты яшчэ тром сусьветна вядомым брэндам.
Франшызу адкрывалі з шыкам і помпаю: музыкі, швэдзкі стол. Усё было зроблена й прадстаўлена для той клясы людзей, якая не пытаецца сама ў сябе па раніцах: “Што? Ізноў на працу? Грошы?! Падаражэў квіток на грамадзкі транспарт?!” Інвэстар меў уласную страхавую кампанію ў цэнтры Лёндана, яго дзеці вучыліся ў Оксфардзкім каледжы, жонка піла зраньня шампанскае й праклінала свой славянскі акцэнт… Інвэстар быў беларусам, і нават незвычайным беларусам, ён быў па-вар’яцку ўзяты ў палон адной ідэяй – на сваёй радзіме трэба адчыніць як мага больш прадстаўніцтваў брытанскіх брэндаў, а калі пашчасьціць, то і супэрбрэндаў, пачынаючы ад “Марка энд Спэнсара”, “Фэшн Бара”, ангельскіх пабаў і сканчаючы “Брыціш Пітролеўм” ды іншымі… Навошта тут гэтыя франшызы? А таму што мы – Эўропа, і нам мусіць быць няёмка да пасівеньня ад таго, што ў нас няма нармальнай культуры адзеньня, ежы, пітва.
Інвэстар змагаўся, як мог, закладваў сваю маёмасьць, браў пазыкі, ён імкнуўся разьвіваць свае франшызы, але кожны месяц па фінансавых выніках ён цярпеў паразу, кожны раз ён ці адступаў, ці проста капітуляваў. З аднаго боку, ён шмат грошай укладаў у сваіх супрацоўнікаў, кожнага адпраўляў на падвышэньне кваліфікацыі на тры месяцы ў Лёндан, кожнаму аплочваў дарогу, ежу, жытло, адукацыю… Бо перш чым працаваць у сур’ёзных кампаніях, трэба зьмяніць сваё местачковае мысьленьне, так ён пераканана казаў усім, каго браў на працу. Яго супрацоўнікі разам зь ім у Лёндане наведвалі кнайпы, пілі, рукаліся, браталіся й спалі ў адной кватэры, знаходзілі ў яго прыбіральнях дзіўныя часопісы з аголенымі мужчынамі, вазелін і брудныя шкарпэткі, дыскі з порна й беларускія цукеркі, пустую лядоўню й хатні бар, напампаваны ўіскі. Яны любілі інвэстара, а ён пакутаваў праз тое, што яго душылі вялікімі падаткамі і ціснулі чыноўнікі, і бралі бессаромна грошы пажарнікі, а разам зь імі людзі з санітарных станцыяў – бандыты (хоць усе кажуць, што бандытаў у краіне няма). Інвэстар зарабіў сабе шызафрэнію, псарыяз, раньняе пасівеньне, і ў яго выпалі два пярэднія зубы. У свае трыццаць два ён нагадваў пяцідзесяцігадовага закатаванага мужчыну, ён шмат піў, паліў па тры пачкі на дзень, кожны вечар наведваў мясцовыя стрыптыз-клюбы, набываў па начох мінет ад адной і той жа прастытуткі, а рана раніцою ўжо быў на нагах, бегаў, хваляваўся, езьдзіў, лётаў і плаваў па справах, аддаваў пазыкі, браў пазыкі… Час падганяў няўмольна, а знакамітая першая франшыза працавала ў мінус, нават не дацягваючы да нуля.
У інвэстара здарыўся ўдар, і ён зьнік на нейкай гарачай высьпе. Адпачываў месяц і потым вярнуўся. Адразу па вяртаньні знайшоў мяне й прапанаваў пайсьці выпіць. Я спалохаўся, чаго гэта ён ад мяне хоча? Мы зь інвэстарам нават калі пілі ў Лёндане, не асабліва гутарылі й камунікавалі, а тут адразу такая прапанова – пайсьці й выпіць.
Мы сядзелі ў кнайпе “NewsCafe” за столікам на вуліцы, побач праходзілі мінакі, па суседзтве з намі сядзелі мужчыны ў гарнітурах і размаўлялі па-ангельску, насупраць кнайпы трапяталіся ў паветры два сьцягі: Эўразьвязу й Вялікабрытаніі. Я піў зь вялікага шклянога кубка чыстую гарэлку “Абсалют”, закусваў парэзанымі цытрынамі, паліў цыгарэты, ён піў ўіскі “Гранд” і курыў чакалядныя сыгарылы, зацягваўся нэрвова й глыбока… Упершыню ён сядзеў так блізка да мяне, сумны, увесь пакрыты белымі бляшкамі псарыязу, рукі трэсьліся, кепка была насунутая на самы нос, на яго моцна ціснулі фінансавыя праблемы, ён ледзь трываў, сівізны за месяц падвоілася, ён прамовіў: – Ведаеш, што я табе скажу, усё гэта нічога ня значыць. Самае каштоўнае, што я чытаў у жыцьці, гэта невялічкія занатоўкі з разважаньняў трыццатага прэзыдэнта Амэрыкі Джона Калвіна Куліджа, чалавека безэмацыйнага й замкнёнага ў сабе. Ён пісаў, што нішто ня можа замяніць настойлівасьць. Талент не заменіць яе: няма нічога болей звычайнага, чым няўдачнікі, якія маюць талент. Геніяльнасьць таксама не заменіць настойлівасьці: геній, які нічога не дамогся, амаль увайшоў у прымаўку. Адукацыя таксама ня будзе заменаю: сьвет перапоўнены адукаванымі самотнікамі. Усё трымаецца толькі на настойлівасьці й рашучасьці, – сказаў ён, гледзячы ў стол.
Мы чакалі дзьвюх ягоных знаёмых, пра якіх ён толькі сказаў, што яны зь вялікімі грудзямі, а гэта самае галоўнае.
– Ведаеш, – рэзка пачаў ён, – я ніколі ня буду спыняцца празь нейкія дурныя перашкоды з боку каго й чаго заўгодна, і няхай я зраблюся банкрутам, але гэты грэбаны Менск, а потым і ўся грэбаная Беларусь атрымаюць ад мяне яшчэ болей брытанскіх франшыз – атрымаюць дзясяткі брытанскіх супэрбрэндаў на сваёй зямлі, альбо я – гэта ня я!
Шампанскае
Вядома, што ў Беларусі мусяць выконвацца пэўныя міжнародныя стандарты, і калі ў гатэлі патрабуюць шампанскае “Крыстал”, яго павінны падаць, але, вядома, такое шампанскае на нашай зямлі знайсьці немагчыма, што яно тут існуе – міт. Адным вечарам Ніндзя загадаў Амару Аль Айамару, каб на наступны дзень у бары й рэстарацыі ў мэню зьявілася шампанскае “Крыстал”. Амар адразу ў адмову, гэта ж па 800$ за бутэльку!
Але… Загадаў – зрабілі. На наступны вечар у гатэль завезьлі дзьве скрыні па дваццаць бутэлек шампанскага, якое каштавала аднаго жыцьця сумленнага беларуса. Але што зь ім далей рабіць, ніхто ня ведаў. Пастаяльнікі адмаўляліся яго піць, наведнікі з вуліцы – тым болей, за месяц звычайна магло прадацца толькі паўбутэлькі, і кліенты рашуча адмаўляліся плаціць за цэлую. Знаходзіліся тыя, хто прыходзіў п’яны, прыводзіў з сабою баб, выпендрываўся, замаўляў “Крыстал”, а потым, выпіўшы, усчынаў сварку, маўляў, гэта было чарніла, а не шампанскае, лайно, несапраўдная марка, ён ведае гэта дакладна! Апошнія часта сыходзілі, пакідаючы афіцыянтаў тры месяцы сядзець без афіцыйнага заробку.