Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

Шэйх пераехаў на вуліцу Кузьмы Чорнага, у кватэру, якая займала два паверхі – дах і пяты паверх. Колькі ўсяго пакояў мае кватэра, было невядома, але ахова заўсёды дзесьці жыла й была цалкам нябачнаю. Распарадак шэйхавага дня ад самага пачатку мяне зацікавіў, але калі прайшло колькі часу і ён зьехаў, я зразумеў, што гэтаму ўжо даволі старому мужчыну вельмі самотна на гэтым сьвеце, дзе ўсё па раскладзе і больш нічога не адбываецца.

Раніца шэйха пачынаецца а дванаццатай, яго сьціпленька будзіць пакаёўка, потым мыцьцё твару й чыстка зубоў, потым ён вяртаецца ў ложак, дзе пэрсанальны масажыст праходзіцца сваімі дужымі рукамі па ўсім целе, далей касмэтоляг робіць маску на твар, пасьля разгладжвальны масаж, потым карэктура броваў, далей ён прымае спэцыяльную ванну з алеяў, потым доктар робіць яму два ўколы – вітамінны й другі, нікому невядомы, потым цырульнік падстрыгае валасы й бараду, потым яму прывозяць на кароткую размову жончынага доктара, і пасьля ён нарэшце сьнедае, а потым у яго дзьве гадзіны на адпачынак – чытаньне газэт, прагляд фінансавай біржы, дзелавыя тэлефанаваньні, прагляд навінаў па тэлевізары; потым ён абедае, потым гадзіну паліць цыгару альбо кальян, потым трэнер па фітнэсе сочыць за тым, як ён ходзіць трыццаць хвілін па бегавой дарожцы, потым лекар робіць яму яшчэ адзін укол, правярае ціск і пульс, пасьля ён здымае свой спальны белы халат, падобны да балахона, апранаецца ў сьвежую вопратку й выпраўляецца на вуліцу, дзе ўжо вечар; па дарозе ён заходзіць у салярый, потым робіць манікюр і цяпер, гатовы да вячэры, чакае, калі яму абвесьцяць рэстарацыю, дзе замоўленыя месцы, а пакуль гутарыць па тэлефоне са сваім бухгальтарам; потым яму тэлефануе сын, потым ён, даведаўшыся месца вячэры, удакладняе, колькі ў яго часу да застольля, і едзе ў лякарню з кветкамі; пасьля наведваньня жонкі ён едзе ў рэстарацыю, а потым яго чакае глямурны клюб; дадому шэйх вяртаецца а чацьвёртай раніцы.

Аднойчы шэйх трапіў у “Салодкі Фальварак”, і так яму там спадабалася, што ён паклікаў дырэктара, гутарыў зь ім, прапаноўваў у Саудаўскай Арабіі зрабіць сэтку па выпуску такіх лёгкіх штукарскіх тортаў, усё гэта будзе карыстацца папулярнасьцю, бо тамтэйшыя салодкія вырабы занадта прэсныя, цьвёрдыя, не такія паветраныя. Дамовіліся першапачаткова пра дзесяць адсоткаў ад агаворанай сумы на банкаўскі рахунак “Салодкага Фальварка”. Грошы пералічылі – і ўсё, на гэтым справы скончыліся. Шэйх крычаў, седзячы ў сваім пакоі: “Казлы! Дэбілы! Ня ведаюць, як весьці бізнэс! Ненавіджу!”

Дні ішлі, расклад дня шэйха не зьмяняўся. Засумаваў ён і захацеў чатыры партрэты ва ўвесь рост алеем на палатне. Я знайшоў для яго мастачку, яна атрымала чатыры фотакарткі з рознымі выявамі шэйха і папярэдне трыццаць адсоткаў ад сумы, якую запрасіла, а гэта 1500€.

Праз тыдзень мастачка прынесла першую карціну. Шэйх роў, як зьвер. Карціна была брыдкаю, жах… Мастачка хуценька прасьлізнула праз ахову й зьнікла. Я панёс адказнасьць.

Напачатку шэйх прапаноўваў мне разам зь ім паехаць у Дубаі, там шмат рознай працы ёсьць, сказаў, што я мужчына, там не разгублюся (сказаў так, быццам мы зь ім ужо ў нейкім сямейным кляне), але пасьля падзеяў з мастачкай згадаў, што яе для яго знайшоў менавіта я і я адказны за тое, што адбылося. Так бы мовіць, гэта бізнэс, дарагі, нічога асабістага.

Мяне больш не запрашалі да яго, але мне ўсё роўна хапіла тых васьмі тыдняў вар’яцтва ў ягоным атачэньні, дзе я назіраў за яго жыцьцём. За тым, як вядуць бізнэс беларусы, як спадар сьмяяўся зь іх, як мы наведвалі бяз чэргаў дарагія клюбы і рэстарацыі, як глядзелі стрыптыз, як голыя дзеўкі ціснулі на нас і вешаліся нам на шыі. Наша кампанія: шэйх, ахова, фінансавы адказны і я, ахвяра, закладнік, цацка, бо сумна тут у Менску, а я сына яму нагадваю.

Я, клясычна, як хворы на стакгольмскі сындром, палюбіў свайго ката, свайго нэрвовага фашыста, зь ягоным брудным настроем, які рэзка зьмяняўся за хвіліну, палюбіў яго з усім ягоным мусульманскім лайном і зьнявагаю жанчын.

Жонка шэйха ачуняла, старэйшы сын прыехаў і атрымаў пасаду дырэктара.

Шэйх больш сюды не вяртаўся, цешча яму моцна ў гэтым дапамагла, сканаўшы праз паўгады, так што не было да каго цяпер сюды езьдзіць.

Мне да гэтага часу няёмка за мастачку, 1500€ і замоўленыя партрэты, якія так і не былі намаляваныя.

Маркетынг

Аддзел маркетынгу ў гатэлі ня менш цікавы, чым аддзел кадраў і аддзел праграмістаў. Праз адну асобу. На галоўнай пасадзе тут – жонка Амара Алі Айамара, дырэктара гатэлю. Жанчына жудасная, гістэрычная, шалёная, плястыкавая штучная пізда з накладнымі пазногцямі, валасамі, вейкамі, з сыліконавымі цыцкамі, вуснамі й сракаю, нацягнутым на патыліцу падбародзьдзем і вачыма, расьцягнутымі амаль да вушэй. Сыбіла – капрызная былая фотамадэль, турчанка. Горш не прыдумаеш, яна тут мае права на ўсё. Яна распараджаецца гатэлем, выганяе людзей з працы толькі таму, што, калі праходзіць міма, ёй не пасьміхаюцца, альбо не заўважаюць, альбо ў яе месячныя пачаліся і проста такі настрой. Сыбіла раве на каго хоча, а маркетолягаў трымае на кароткім павадку ў нэрвовым трымценьні.

Аддзел маркетынгу не вылучаецца наватарствам, капірайтарскімі здольнасьцямі, розумам альбо крэатыўнасьцю. Маркэтолягі тут – маленечкія гномікі вакол Гаспадыні, якая, паказаўшы пальцам з залатымі пярсьцёнкамі, з прылепленым штучным пазногцем на таго, хто яе раздражняў, умомант магла раздушыць яго й зьесьці, і ўсё, няма чалавека, толькі абасраная ад страху падлога. Ад чалавека на ўспамін застаецца толькі лайно, і Сыбіла імкнецца да таго, каб гаўна засталося як мага болей. Так, ніхто не жадаў працаваць маркетолягам у гатэлі, акрамя Паліны, якая была закаханая ў сваю начальніцу, ак апошняя лесьбіянка. Паліна глядзела Сыбіле ў вочы і, калі тая крычала, пускаючы сьліну, хапала сваімі вуснамі ўсе тыя сьлінавыя кропелькі, што распыляліся. Гэта было неверагодна дзіўна, Паліна нават апраналася так, як яе гаспадыня. Фарбавала валасы ў той жа колер і ў свае дваццаць тры ўжо зрабіла першыя ўколы ботэксу на ілбе і крыху падпампавала вусны – усё, як ёй намовіла Гаспадыня.

Аб’ектыўна маркетолягі нічога не рабілі, яны не працавалі, як мае быць, увесь іх напампаваны гномікамі кабінэт толькі атрымліваў заробкі й псаваў паветра… Сыбіла крычала й звальняла, але не давала пэўных распараджэньняў наконт рэклямы, разьвіцьця маркетынгу. Таму хтосьці зь яе пэрсаналу пампаваў за дзень фільмы, сэрыялы й порна зь сеціва, а хтосьці перапісваўся ў скайпе… За месяц аддзел маркетолягаў выдаткоўваў дзесяць мільёнаў беларускіх паперак на рэкляму ў неверагодна брудным, жудасным і графаманскім часопісе, які трымала сяброўка Сыбілы Сабакакал. Маркетолягі больш ня ведалі, чым займацца, яны сядзелі ў кабінэце й нават няздольныя былі выпаўзьці вонкі – забаронена!

А потым Ніндзя разгарнуў гвалтоўныя дзеяньні па звальненьні начальства ў гатэлі: Амар, Сыбіла, Хасан… Бо ня трэба было так нахабна красьці грошы й распрацоўваць сыстэму прыватных сэкс-тураў з Турцыі па беларускіх дзяўчынах бязь ведама дзядулі. Закрануты быў бізнэс гаспадара гатэлю, і ў адзін момант у гатэлі ўсё зьмянілася.

І адным файным днём маркетолягам было дазволена выйсьці вонкі і нават працаваць па прафэсіі, а не забіваць дзень за пампаваньнем фільмаў і за перапіскаю ў сацыяльных сетках. І тады Паліна зразумела, што каханьне яе было аднабаковым, бо калі Сыбілу пагналі з гатэлю, тая не прыйшла зь ёй нават разьвітацца. Але ўсё, што ні робіцца, надае нам моцы: на цьвярозую ад пачуцьцяў галаву Паліна выявіла, што вусны ў яе ў тры разы большыя за яе родныя і лоб нейкі пукаты.

А маркетолягі, якія люта ненавідзелі Паліну, цяпер ужо мелі магчымасьць не хавацца, калі плявалі ёй у кампот у сталоўцы, а пачалі рабіць гэта адкрыта і ў твар, бо нават сярод гномаў здрада сваім – гэта здрада.

Людзі на арэне цырку

Гатэль дае столькі незвычайных пэрсанажаў, пастаяльцаў, пра якіх можна ўспамінаць гадамі. Менавіта па пастаяльцах можна меркаваць пра ўзровень гатэлю, але тут пачынаецца ўжо другасны ўзровень, афіцыйны.