Кожны з дырэктараў патрапіў пад крытыку, неміласэрнасьць і гэтак далей, гэта калі ня браць у разьлік іншых дырэктараў, так бы мовіць, ніжэйшых па статусе, хаця б таго ж дырэктара казыно, дзе, як пляткараць, дырэктароў увогуле звозяць у невядомым кірунку і мяняюць раз на сэзон.
Вядома, сярод дырэктараў ёсьць і такія, якіх магчыма назваць старажыламі, напрыклад, Ніяцкая, дырэктарка спа-цэнтру, жанчына-перабольшаньне ўва ўсіх сэнсах, жанчына-вамп, жанчына-мара, занадта ганарлівая, каб з вамі пагутарыць, занадта занятая, каб з вамі павітацца.
І вось, Гнюсэль і Ніяцкая шмат у чым падобныя. Нягледзячы на відавочныя адрозьненьні, нават не беручы пад увагу іх полавыя прызнакі, падобныя па характары, поглядах на сьвет, падобныя грэблівасьцю і цьмянымі рамантычнымі марамі, адначасова ўмеючы абставіць справу так, што, акрамя іх, ніхто не выкараскаецца зь яміны, калі ўжо трапіў.
Так, у новага дырэктара шмат усяго кепскага, чаго б я ніколі нікому не пажадаў бы… Ён зарэгістраваны на сайтах знаёмстваў і кожны вечар адшуквае неабходнае дзяўчо на ноч. Ён увесь паголены, у яго нават бровы паголеныя, і ўвесь ён выглядае як старое прыпухлае немаўля. Злосны і нэрвовы, часта бывае несправядлівым, але калі б вы толькі бачылі, як ён зьмяніўся, калі на два тыдні да яго прыехала жонка з дачкою, – ідэал любячага мужа й бацькі. На працу пехатою хадзіў, сьвісьцеў сабе пад нос песенькі. Прыгажосьць!
Гэта не дае яму права быць такім, які ён ёсьць, гістэрычным кіраўніком гэтага вялікага карабля пад назваю Гатэль. Сярод працаўнікоў ходзіць знакамітае: “Што, ізноў у лысага месячныя?”
Напэўна, ніхто ніколі не хацеў бы апынуцца на ягоным месцы, калі 31-га сьнежня, акурат пад Новы год, зь Ніндзем здарыўся нейкі ўсплеск ці то эмоцый, ці то шызафрэніі, і ён выклікаў да сябе Гнюсэля і пачаў лаяцца, як той стары сабака, маўляў: “Што гэта за кепскае кіраваньне?! Дзе прыбытак?! Чаму мой сябра незадаволены?!”
Гнюсэль адразу ў абарончую пазыцыю: “Гэта ня я вінаваты, усё наблытала начальніца аддзела кадраў і перавяла галоўнага па хостэсу на пасаду маркетоляга, я б так ніколі не зрабіў!” (А мы ведаем, што Гнюсэль сам прасіў перавесьці, бо на пасаду галоўнага ў аддзеле “Хостэс” ён вырашыў паставіць сваю новую бабу, а тая запарола рэгістрацыю аднаму з плятынавых кліентаў гатэля.) Праз гадзіну, нягледзячы ні на што, нават на Новы год, маладая жанчына, якая толькі-толькі прымервала на сябе працу начальніка аддзела кадраў, была выстаўленая вонкі. Без тлумачэньняў.
Вядома, Гнюсэль увечары прыехаў да яе дадому, выбачаўся, цалаваў рукі, казаў, што налічыў ёй на картку заробак за год, каб тая яго выбачыла, бо яму нельга губляць гэтую працу, у яго тут усё жыцьцё.
Ну канешне, у яго тут усё жыцьцё, а тое, што недзе ў іншай краіне яго чакаюць жонка з дачкою, ня ўлічваецца.
У рэшце рэшт зь Ніяцкай перасталі вітацца і, калі здалёк чулі, што яна ідзе, стараліся зь ёю не перасекчыся. І аднойчы нейкім дзіўным днём яна прывяла свайго сына, падшыванца зь іракезам, уладкавала яго рознарабочым і раптам пачала вітацца і камунікаваць са сьветам, нават працягнула вітацца, калі яе сын праз тры тыдні сышоў з працы… Усе потым вырашылі, што Антаніне Вацлаўне цяжка даецца сацыялізацыя… Чаго ж вы хочаце, жанчына амаль усё жыцьцё працавала ў Гарвыканкаме.
А далей, з часам Ніяцкая вырашылася нават на шчырасьці са сваім асабістым бухгальтарам, распавяла, што марыць сустрэць багатага мужчыну… Бухгальтар, вядома, пра сябе пасьмяялася з дурной шасьцідзесяцігадовай бабы, а потым увечары, калі стаяла ў ванным пакоі і ўзважвалася пасьля фітнэсу, глядзела на сябе, дваццацітрохгадовую, і разважала, што шанцаў у Ніяцкай знайсьці багатага мужчыну, роўна як і ў яе, – як пашчасьціць, бо гэты сьвет багаты на абсурд.
Сястра
Як бы ні адбываюцца ў сьвеце войны, прыродныя катаклізмы ці эпідэміі, усё адно прырост насельніцтва ідзе ў геамэтрычнай прагрэсіі. У адным месцы людзі паміраюць, у іншым іх нараджаецца ўдвая, а то і ўтрая больш. І кожны з нас мае калі ня брата ці сястру, то кузэна ці кузыну, калі ня кузэна ці кузыну, то дзядзьку альбо цётку… Выпадак Ніндзі не выключэньне, нават наадварот: такія людзі, як ён, маючы мільёны, раскіданыя па банках Эўропы, аточаны толькі сваякамі і вельмі набліжанымі сябрамі, якіх таксама акрамя як сваякамі й не назавеш. Бізнэс кіруецца сям’ёю, бізнэс перадаецца па сваяцтве, за бізнэс перажываюць адразу пяць буйных сямействаў, і патэнцыйнымі будучымі ўладальнікамі сэткі гатэляў лічацца адразу 22 хлопцы і 13 дзяўчат. Што тут скажаш, яны ў любым выпадку мусяць спачатку пасталець і дачакацца сьмерці ня толькі Ніндзі, але і ягонай сястры Хундзі.
Хундзя не кіруе гатэлямі і пра гатэльны бізнэс ведае столькі, колькі ёй дазваляюць набліжаныя да Ніндзі калегі і інвэстары. Такім чынам, Хундзя існуе дэ-юрэ, але дэ-факта яна з гэтым даўно не лічыцца.
Нам сказалі, што на тыдзень мусіць прыехаць сястра Ніндзі. Яна ні разу не была ў Менску, і нам трэба быць заўсёды падрыхтаванымі да нечаканасьцяў.
– Якіх нечаканасьцяў?!
– Ну, пані Хундзя можа ўкусіць, – прамовіла галоўны мэнэджар Міхаліна.
– Што?