Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

Пад самы вечар пані Хундзі захацелася зрабіць прычоску на сваёй лысай галаве, дзе на макаўцы тырчэла роўна шэсць кароткіх валаскоў. Прынесьлі яе ў салён. Праз дваццаць хвілін усе мусілі ўжо зачыняцца. Хундзя, вядома, забараніла. Віталю не пашчасьціла, як ён ні маліўся ўсім багам сьвету, каб сёньня ніякія Хундзі не завіталі, а заўтра – хоць Армагедон, бо ў яго два дні выходных. Менавіта калі ён ужо быў упэўнены, што дзень заканчваецца як мае быць, лёс не прымусіў доўга сябе чакаць.

Віталь спрабаваў памыць гэтае непаразуменьне, дакладней – старэчую галаву ў мойцы… Хундзя напаўляжаланапаўсядзела нейкім чынам на правы бок, рукі моцна сьціснула ў кулакі, ды так, што з-пад аднаго пазногця ішла кроў… Галава яе дрыгалася кожныя тры сэкунды, вада праз гэта зацякала ёй за сьпіну, яна ненавідзела Віталя… Яна ненавідзела Віталя і тады, калі ён спрабаваў зрабіць укладку на яе кароткі старэчы пух. Укладка не атрымалася… Хундзя, як дзіцёнак, споўзшы з крэсла, дала сябе аднесьці з салёна, нічога не сказаўшы…

Мінуў першы дзень… Наперадзе яшчэ шэсьць сьвятых дзён супрацьстаяньня, блякады…

На наступны дзень усе ведалі, што Хундзя ў сваім нумары ноччу крычала пра гатэль, пра тое, што ён гаўно, усё разбоўтанае, пэрсанал некваліфікаваны, мэбля ў нумарох недарэчная, прыбіраюцца кепска, садавіна нясмачная, вада ліецца ў ванным пакоі жорсткая і з хлоркаю. Ніндзя ўсе моўчкі слухаў, слухаў, назіраў і нават не ўсьміхаўся… І ў гатэлі ўжо пачалі верыць у тое, што Хундзя мае сур’ёзную вагу перад Ніндзем і што палова працаўнікоў дакладна паляціць праз адчыненыя наросхрыст дзьверы проста на вуліцу.

Усе астатнія шэсьць дзён Хундзя ныла і скуголіла, вонкі не выходзіла, бо ёй было халодна і не падабалася, як выглядаюць людзі навокал… І нарэшце зьехала, і ўсё супакоілася… Ніндзя павесялеў, ізноў беларускіх прастытутак замовіў на вечар, шчасьце прыйшло ў гатэль, і ўсе засталіся жывымі, бо, як сказаў па сакрэце самы блізкі сябра Ніндзі Асамкацін мэнэджару Міхаліне, калі яны сядзелі ў холе: “Ніндзя ненавідзіць сваю старэйшую сястру зь дзяцінства, лічыць яе тупой скацінай, якая яшчэ ў школе зь яго зьдзеквалася, і яна ня мае ніякага дачыненьня да яго бізнэсу, акрамя як сваяцтва, таму Ніндзя яе проста моўчкі слухае і чакае, калі тая нарэшце зьедзе ў Нью-Ёрк, у гатэль, які ён ёй падарыў. Ты разумееш, Міхаліна, што збольшага яна так сябе наўмысна паводзіць, ёй хочацца мець вагу ў грамадзтве, а Ніндзя гэта добра разумее і таму маўчыць, каб яна нарэшце праз сваю злосьць атрымала сьмяротны ўдар”.

Міхаліна нічога не адказала. Яна была проста радая, што ўсё закончылася.

Дзяўчына

У гатэлі пэрыядычна зьяўляюцца новыя працаўнікі. Незаплянаваныя працаўнікі. Напрыклад, у адным сэгмэнце гатэля кагосьці скарачаюць, бо невыгодна трымаць некалькі чалавек, а ў іншым дадаюць працаўнікоў, якія нікому не патрэбныя… Зараз патлумачу: у сяброў Ніндзі, як і ў самога Ніндзі, пэрыядычна зьяўляюцца бабы, якіх трэба ўладкоўваць на працу з розных чыньнікаў: калі самі бабы просяць, калі дзеля зручнасьці, каб вольная похва заўсёды была дасяжнаю ў гатэлі. Вядома, гатэль не гумовы, таму, скажам, звальняюць аднаго працаўніка з хостэсу і наймаюць бабу ў офіс, каб насіць раздрукоўкі й факсы з аднаго кабінэта ў другі… Гэта таксама далёка не эўрапэйскі стандарт працы! Але ў дадзеным апавяданьні мы зьвернемся да канкрэтнага выпадку, які значна паварушыў працоўныя масы – ад самых аддаленых курылак і да галоўнай залі з рэцэпцыяй і чакальняй для кліентаў.

На месца барыста паставілі нейкую дзяўчыну. Барыстаў хапае, іх нават зашмат, таму адну зь іх зрабілі афіцыянткай, праз што тая вельмі моцна злавалася й мацюкалася, седзячы на абадранай канапе на курылцы пад навесам. Новую дзяўчыну звалі Оля, і яна – фантан. Самы сапраўдны антрапаморфны фантан словаў, сказаў і плётак. Яна як прыйшла ў першы ж дзень на курылку, дастала свой пяты Айфон, зацягнулася тонкай сігарылкай – і давай дзьмуць у вушы двум афіцыянтам і інжынэру пра тое, хто яна такая і адкуль яе дасталі, то-бок дзе яе знайшлі і навошта яна ўвогуле тут знаходзіцца.

Вось падрабязнасьці яе аповеду.

Оля, менавіта толькі Оля, бо яна сама з Піцера, там нарадзілася, але бацька – ваенны і, на вялікі жаль і праз жыцьцёвыя пакуты, яна захрасла тут. Бацькоў яна ня любіць, яны яе дасталі, яшчэ калі ёй было трынаццаць, таму, пачынаючы з чатырнаццаці, Оля жыве як малое цыганё: з хаты ў хату, з кватэры ў кватэру… Знаходзіцца ў пошуках адзінага й каханага, але пакуль што беспасьпяхова. На працу яна трапіла, бо сказала Асамкаціну, сябру Ніндзі, што ёй патрэбная праца, пяты айфон і заробак 2000$. І што вы думаеце?! Яна ўсё гэта атрымала. І, вядома, атрымала не праз тое, што вельмі моцна хацела й папрасіла. У дадзеным выпадку абставіны склаліся на яе карысьць, дзяўчыне, так бы мовіць, пашчасьціла, з аднаго боку, а зь іншага – Оля тая яшчэ піцерская “штучка”.

Олі на дадзены момант шаснаццаць, па пашпарце, але яна выглядае дарослай жанчынай год дваццаці пяці, ня першай сьвежасьці. Яна курыць, мацюкаецца й злоўжывае алькаголем. Прыехала Оля аднойчы мэтанакіравана ў гатэль, села на бары – беспасьпяхова, перабралася ў рэстарацыю – з тым жа вынікам, пад вечар перасунулася на самы апошні паверх, у клюб, і вось яно – шчасьце.

Олю прыкмеціў Асамкацін, запрасіў за стол на кактэйль і больш…

З нумару Асамкаціна Оля не высоўвалася вонкі тры дні, спала, нежылася, як котка, ела ўдосталь, плянавала… на чацьверы дзень ужо самому Асамкаціну абрыдла яе бачыць, ня тое каб піліць. Устаў ён з ложка і сказаў, каб зьбіралася й ішла полем і лесам адсюль, і няхай возьме сабе падарунак – жаночы гадзіньнік з карункавымі стрэлкамі і яшчэ 1000$, так, на кактэйлі й сукенку.

Оля, вядома, ня гэтага чакала. Яна моўчкі паднялася, усьміхнулася, палезла ў сваю дамскую сумачку, дастала адтуль пашпарт і падставіла разгорнутай старонка пад тоўсты нос Асамкаціну. Дата нараджэньня: 3.03.1999.

– Ёб тваю маць!

– Ты маю маці не чапай, даражэнькі, я тут уся напампаваная тваёй спэрмаю, нават какаю ёю… так што альбо мае ўмовы – і ты да мяне ставісься культурна, альбо міліцыя і заява – і гатэлю пізда! – прамовіла Оля спакойна, ведаючы, пра што кажа.

Кожны да сваіх мараў і жыцьцёвых плянаў рухаецца па-свойму, але ня ў кожнага ў шаснаццаць год хопіць мазгоў зьдзейсьніць такое.

Оля працавала тры месяцы, націўкала пра свой посьпех усім навокал, яе некаторыя супрацоўнікі нават паважаць пачалі.

Аднойчы, пасьля трэцяга заробку, Оля не прыйшла на працу. Усе падумалі, можа, загуляла… Але Оля ўвогуле больш не зьявілася ў гатэлі.