Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

Тут вы мусіце ўсклікнуць: – Гэта ж ужо “трэцяе паліто”! Як, а ці ж гэта ўжо канец? Дарагі парцье, анягож!? І ня будзе ніякіх навінаў пра ліванскага доктара Саіда? А ці захварэў ён на СНІД, пакуль выратоўваў Сьвету? А што там чуваць пра сцэнарыстку Галіну Фэліксаўну? А ці нарадзіла цырульніца-баптыстка Марына? А ці знайшлі дырэктарку спа Раміну Гайдараўну са скрадзенымі грашыма? І што цяпер робіць бухгальтарка Люся? Як праходзіць “хімія” ў былога ахоўніка Віктара? Як цяпер жыве кухар Валера, які скраў карбанат? Навошта ты, аўтар, павыпускаў людзей на арэну Цырка, калі пра іх больш ані слова? Што?! Што далей? Дзе працяг?!

Шчыра вам скажу: пасьля такога зьбіцьця мне ўжо не да апавяданьняў. І пасьля гэтай кропкі вас не павінна болей нічога хваляваць.

Сьнежань 2011 – красавік 2012Менск

Швэдзкі стол

прысьвячаецца людзям, зь якімі давялося правесьці шмат цікавых гадзінаў у працы, гутарцы, разважаньнях і спрэчках. людзям, зь якімі я дзяліў свае сьняданкі, абеды й вячэры, з кім разам адпачываў і назіраў за дзівосамі навокал – у магічных сутарэньнях, якія завуцца гатэлямі

Усе героі й падзеі кнігі выдуманыя, любыя супадзеньні выпадковыя

Зялёная кашуля

Усе ў мяне пытаюцца: дзядзька, табе ўжо хутка трыццаць год, што ты ў гэтым гатэлі сядзіш? Чаму не працуеш па адукацыі? Чаму не шукаеш сур’ёзнай працы? Што з табою будзе далей? Як магчыма жыць без кар’ернага росту? Хіба ў цябе няма жаданьня дасягнуць чагосьці ў працы?

Я ўсім адказваю аднолькава: “Дзякуй, што турбуецеся, але ідзіце, калі ласка, у дупу!” Я шчасьлівы, у мяне ёсьць усё, пра што я марыў: жонка, сабака, зьбіраем грошы на ўласную кватэру, плянуем дзіцё. Мая праца акурат такая, каб не замінаць мне пісаць, графік такі ж самы, я маю свабоду, каб таксама – пісаць прозу. Я задаволены й той часткаю волі, якая ў мяне ёсьць, калі я ў гатэлі сяджу ў сваім кабінэце: бясплатны Інтэрнэт, абед і вячэра таксама бясплатныя, амаль ніхто сюды не завітвае, працую зь людзьмі толькі пад запіс. Што яшчэ трэба?!

Калі грамадзтва адштурхоўваецца, у пераважнай большасьці, ад матар’яльных кропак, я маю вялікае жаданьне жыць у сьвеце, дзе ўсё працуе толькі на чалавека, бо самы вялікі абсурд Жыцьця – гэта ўвесьчасныя ды ўсюдыісныя турботы пра свой гаманец і пакупку адна-, двухпакаёўкі… Якім чынам сталася так, што ў Цывілізацыі, створанай чалавекам, немагчыма жыць на сваю карысьць і шчасьце, не плянуючы набыцьцё ежы з гіпэрмаркету да наступнага заробку, а проста як ёсьць пасяліцца на свабоднай зямлі, вырошчваць сабе чыстую ежу і быць незалежным? Аднак абавязкова знойдзецца купка лайдакоў, якім захочацца нічога не рабіць, але атрымліваць усё дарма і называць зямлю Радзімаю, а дармовае – падаткамі. Я б хацеў жыць так, як ад пачатку было наканавана Космасам, – жыць дзеля радасьці й волі жыцьця, спасьцігаць розум Прыроды, навукі, вучыцца наноў хадзіць і лётаць – і радавацца з гэтае нагоды. Атрымліваць сапраўдную асалоду ад сьнегу, які мусіў бы выпадаць на Раство, а не глядзець на панурыя вуліцы гораду, ахутаннага смогам, хворага й атручанага выхлапнымі газамі стварэньня доктарам Франкенштайнам.

Я ня бачу сэнсу ва ўсім гэтым маскарадзе, бо ўсё, што робіцца вакол чалавека, створана яго ўласнымі рукамі і нясе з сабою толькі нахабнае патрабаваньне прызнаньня толькі ягонага адзінага Я, дыктатуры, гвалту й індустрыяльнага шаленства.

Такім чынам, калі б я мог не працаваць, я б не працаваў, але калі я не магу не працаваць, няхай я буду сваёй працай прыносіць людзям хаця б невялікую палёгку, радасьць і часам моўныя альбо літаратурныя адкрыцьці.

Вось ён, мой будзільнік: спачатку сыгналіць жоўтазялёны плястыкавы корпус, і празь імгненьне я адчуваю, як раптоўна спахопліваецца сабачка – на маёй галаве яе пуза й лапкі, на маёй шыі – яе галава. Яна ўскоквае і, пазяхаючы з характэрным піскам, пачынае лізаць мне твар, трапляючы языком па носе, па вейках, па вусах, па вуснах, пакусваючы маю бараду… Я стараюся ўхіліцца, але гэта немагчыма: сабака – адзін вялікі цёплы ласкавы язык, які падымае цябе й патрабуе хутка зьбірацца на вуліцу.

Вось я стаю на кухні, дзьверы лядоўні адчыненыя, лядоўня выдае гукавы сыгнал, каб я зачыніў дзьверы, але я заняты – я п’ю ёгурт.

Пасьля процьмы сідра пітны ёгурт раніцай – тое, што трэба. Страўнік пачынае ўрчаць, рэшткі вячэрняга сідру – ціснуць на мачавы пухір.

Потым я заходжу ў пакой, жонка яшчэ сьпіць, сабака, джэк расэл тэр’ер па мянушцы Хурма, усё яшчэ чакае свайго недарэчнага гаспадара. Я апранаю джынсы, розныя па колеры й фактуры шкарпэткі, Хурма не дае апрануцца спакойна, сьцягвае з ног шкарпэткі, шкамутае калашыну джынсаў… Гэта яна мяне прысьпешвае ісьці зь ёю на вуліцу і адначасова тармозіць выхад. Зашпільваю цёмна-зялёную, як лісьце ў жніўні, кашулю – паверх зялёная куртка і парваныя кеды (“бо якая розьніца, колькі год тваім кедам, калі ты стаіш у іх на ходніку ў Бэрліне” – таму мне абсалютна нецікава, у якім стане мае кеды), паверх курткі – карычневая скураная сумка праз плячо, у правую кішэнь курткі трапляе пакуначак зь ежаю для сабакі, у левую – карабін з павадком. Я гатовы гуляць, але, як звычайна, не гатовы ехаць на працу, таму лягічна, што ў яблыневым садзе я затрымаюся крыху даўжэй, буду кідаць Хурме галінку, назіраць, як яна за ёю бегае – белая плямка на шэра-сінім фоне раніцы, буду радавацца тым хвілінам, калі магу лёгка забыць пра тое, што існуе абавязак працаваць, зарабляць грошы, адцягваць увагу ад самых каштоўных для сябе рэчаў – творчасьці й каханьня. З сумкі праз плячо дастаю арганайзэр, удакладняю пляны на дзень, правяраю, ці захапіў з сабою кнігу.

Ніхто ня зможа адняць альбо скрасьці маіх каштоўных хвілін, калі я атрымліваю самае вялікае адкрыцьцё кожным разам, калі я для сябе асабіста дасьледую прыгажосьць, калі назіраю, як В. сьпіць, і калі дасьледую для сябе новыя пачуцьці любові й пяшчоты, калі назіраю за маленькай Хурмой, як яна жвава бегае за галінкаю альбо капае ў зямлі нару; я разумею, што маё жыцьцё мае сэнс і мае права існаваць, і я маю права быць тут і цяпер, і мне неабавязкова жыць дзеля таго, каб прыносіць карысьць грамадзтву, як гэта выбіта на скрыжалях запавету сучаснасьці, мне дастаткова ведаць, што я зарабляю грошы для сваёй маленькай утульнай сям’і, і паціху, крок па кроку, мы набліжаемся да сваёй уласнай кватэры, але ёсьць сумнеў, што, калі ў нас назьбіраецца дастатковая сума, мы не захочам жыць там, дзе паветра замінае ўдыхнуць глыбока-глыбока, каб перахапіла дух, бо калі на цябе з усіх бакоў паглядае людажэр, калі ты ня бачыш магчамасьці зьдзейсьніць свае мары і разумееш, што змагаром быць недастаткова, але ёсьць шанец рабіць штосьці звонку, ніж знутры, абавязкова пачынаеш шукаць маёмасьць дзе заўгодна: Вільня, Варшава, Прага, Бэрлін…

Хурма засталася дома, я ізноў на вуліцы, цяпер ужо іду праз двор да мэтро, вакол неахайна запаркаваныя машыны, адна на адной, нагадваюць ці то сублімацыю гаспадароў, ці то помсту Прыродзе, бо паўсюль, дзе мусілі б расьці кусты й маладыя дрэўцы, зялёная трава й уладкаваная дзіцячая пляцоўка, стаяць машыны, зь якіх часта сьцякаюць на зямлю аліва, мазут, бэнзын, гумовыя колы даўно ўжо расьцярушылі ў пыл кусты, бамперы паламалі дрэўцы… Машын у двары становіцца ўсё больш, і вось яны сваімі коламі налятаюць на ўслоны, угрызаюцца капотамі ў гаўбцы й вокны першых паверхаў… Калі-небудзь мы ўсе прачнемся раніцай на працу, а ў нашых пакоях каля ложкаў будуць стаяць лэнд-роверы з заведзеным рухавіком – гэта нашыя суседзі будуць праграваць машыны.

Іду да мэтро, стараюся адцягнуць увагу ад аўтаармагедона, уключаю на плэеры аўдыёкнігу. Сёньня пачынаю слухаць тэтралёгію Пэтэра Хандке, спадзяюся на сапраўднае адкрыцьцё.

Прыбіральшчыцы

У гатэлі заўсёды знойдзецца купка працаўнікоў, занятых у любой сфэры працы, якія б зарэкамэндавалі сябе як неадказныя, небясьпечныя людзі. Але калі напрыканцы года падводзяцца вынікі ня толькі бухгальтарскай працы і справаздачы мэнэджараў, але пачынаюць лічыць у пакоях маёмасьць і наяўнасьць, адразу раптоўна ўсплываюць лічбы з трыма нулямі, сумы, на якія пэрсанал “кінуў” гатэль і, вядома, асабіста Ніндзю, прэзыдэнта сэткі гатэляў. Адных сталовых прыбораў было вынесена на 3000€, і гэта яшчэ не лічылі посуд, які гатэль купляе адразу вялікай партыяй праз “Вілерой і Бош”, дзе кубак для гарбаты – 200$.