Книги

Рыбін горад

22
18
20
22
24
26
28
30

– Элементарна. Заходзь потым, пакажу.

Мішык бесцырымонна падхапіў дзядзьку Геніка пад пахі, паставіў на ногі, страсянуў і прапанаваў:

– Ходзьма, дзядзька. Цётка Каця чакае. Чарачку табе наліе.

Генік іранічна ўзняў брыво, але даўся давесці сябе дадому.

– Праўда, цётка Каця замест чарачкі дубца дала, – пасмейваўся Міхась, калі вярнуўся. – Гэта яго ў венеролагаў так начаставалі, ён ім лёх перакрыў. Так што цётка замкнула Геніка ў хаце і пабегла высвятляць адносіны… Дык што там з праверкай артаграфіі?

Мы прайшлі ў мой пакой, дзе на вялікім непісьмовым стале стаяў кампутар і ляжала гурба тэчак і папер – меркавалася, што я тут буду працаваць, але спадзяванні, як выявілася, былі марнымі – мне не было калі носа абцерці, не тое што працаваць на кампутары…

Я ўключыла ноўтбук і паказала Мішыку патрэбную яму аперацыю.

Затрызвоніў тэлефон, і я пабегла на кухню. Уляна званіла з Нарвегіі, і мы вельмі коратка пагаварылі.

– Што там у вас чуваць? – спыталася яна. – Ды заплаці ты нарэшце за мабільны – нашто ён табе наогул, калі заўсёды заблакаваны? Як баба?

– Усё добра! Не хвалюйся, разбірайся там з вікінгамі!

– Я папазаўтра прыеду, ужо купіла білет. Сустракаць не трэба. Што прывезці?

– Дажджу, бо ў нас тут Сахара!

Мішык у чаканні мяне бязмэтна перагортваў опцыі Word’а.

– Улянка прыязджае? – спытаўся ён.

Улянка – археолаг, і ў Нарвегіі ўдзельнічае ў нейкай канферэнцыі. Здаецца, тэма яе даклада – «Археалагічныя пацверджанні прысутнасці вікінгаў на тэрыторыі Полацкага княства ў ХIII стагоддзі». А можа, і не такая. Можа, я нешта наблытала. Я не моцная ў навуцы, хаця таксама гісторык па адукацыі.

– Ага, праз тры дні.

І тут я стала сведкам, як паэты твораць, забываючы пра ўсё і адыходзячы некуды ў свой свет: у Міхася раптам сталі вельмі далёкімі вочы, і ён зноў запытаўся пра артаграфію, пра якую я яму ўсё расталкавала вось толькі што. Мне вельмі спадабалася назіраць, як спее ў паэце чарговы верш. А можа, ён мае нейкія пачуцці да Улі? Вось як на яго уздзейнічала паведамленне пра яе прыезд! Цярпліва паказала ўсё зноў.

У сенцах загрукала бабуля: прынесла з садка паданкі, Міхась прачнуўся ад сваёй задуменнасці і пайшоў дадому. Потым вярнуўся па забытыя граблі.

А дзень гарэў і ярыўся. Па пяску стала немагчыма хадзіць босай. Абвяла лістота на бэзе. Чысцячы ў халадку лісічкі, я ляніва (а пры такой спякоце немагчыма інакш) думала пра прыезд Улі, пра тое, што яна ўзрадуецца, пабачыўшы бабу дзейнай і моцнай. Узрадуецца, пабачыўшы мяне. Яна, я ведала, зірне на мяне хутка, пытальна, скоса, і прасвеціць наскрозь. Яна адзіная ведае, якія насамрэч адносіны ў нас з Антосем. Яна лепшая за мяне. Яна – маё адлюстраванне, але лепшае, чыстае і некульгавае. Калі яна нараджала, мне балела. Калі я сядзела ў турме, яна ссохла. Ручай яе жыцця бруіцца побач з маім, але воды не мяшаюцца.

Я выскачыла замуж яшчэ студэнткай (Бог ты мой, калі ж прамінула жыццё!?). Муж заняўся бізнэсам, у нас з’явілася кватэра ў Менску, зачараванае кола на кухні і ў гасцёўні круціла мяне, пакуль я не пачула дыягназ: «У вас никогда не будет детей». Сямнаццаць год таму.