Книги

Рыбін горад

22
18
20
22
24
26
28
30

Раптам, як працяг маіх трывожных чаканняў, з лесу пачуўся адчайны дзіцячы крык. На такі крык рэагуеш імгненна. Віхурай вылецеўшы з хаты, я адрухова схапіла пласкарэз Фокіна, што стаяў ля ганка і кінулася за брамку. Краем вока пабачыла, што ад курніка, спіраючыся на кульбу, спяшаецца за мной і бабуля.

Што там? Шалёны сабака? П’яны бандыт?

Праз некалькі секундаў, вырваўшыся за плот, я пабачыла дзяцей.

Збялелыя, спалоханыя, залітыя слязьмі твары. Дзяўчынкападлетак, сагнуўшыся, трымалася за лытку.

– Змяя! Мяне ўкусіла змяя!

– Боюсь! Боюсь! – заходзілася другая, меншая.

– Укусіць нас, укусіць! – у жаху паўтараў хлопчык.

Гэта была гадзюка. Яна не ўцякала. Тоўстая. Маленькая галоўка. На ігліцы. Побач з гурбай хмызу. Цэлячы ў шыю, я ўдарыла па ёй пласкарэзам, і сама ледзьве не закрычала, калі безгаловае тулава пругка заматлялася, плямячы крывёю пясок.

Калі гадзючына кроў капае на хлеб, хлеб стогне. Пясок – не, пясок маўчыць, што б на яго ні лілося. Я не баюся паўзуноў да непрытомнасці, але цяпер вясёлкавае кола закруцілася ў мяне перад вокам.

– Абапрыся на мяне, дзяўчынка. Не крычыце, дзеці! Тут больш няма змеяў. Не крычыце, я сказала!

Але дзеці крычалі. Бабуля ўжо амаль бегла, і я падумала, што яна немінуча ўпадзе і тады немінуча зломіць шыйку клуба. Але гэтага не адбылося. Паспяхова дабегшы да нас, яна кінула навокал надзіва востры погляд праз свае таўшчэзныя акуляры, раптам выхапіла ў мяне пласкарэз і з размаху гакнула проста ля маёй нагі. Яшчэ адна, меншая трохі, змяя ў курчах задзерлася і зазвівалася на моху, яшчэ адна маленькая галоўка адскочыла ад тулава.

Якія норы свае шукалі яны тут – невядома, ці можа ў іх тут было спатканне ці сімпозіум (перадвыбарны сход?) – не знаю. Раней ніколі ў Дабрацічах змеяў не было.

– Выклікай «хуткую»! Бягом! – распарадзілася бабуля. – Гэта Уругвайцавы ўнукі.

Высілкам волі я пераадолела дурноту, што была падступіла да горла, і пабегла дамоў. Калі, ужо ад брамы, азірнулася, укушаная дзяўчынка кульгала да плота, спіраючыся адной рукой на пласкарэз, другой – на бабіну кульбу, а баба вяла за рукі сплаканых малых.

Бесталкова тыкаючыся ў дыск, я набрала нумар Зарніцкай.

– Ленка, тут дзяўчынку ўкусіла гадзюка, у нагу, што рабіць?

– Не панікуй. Забяспеч спакой назе. Ніякіх жгутоў. Можаш даць моцнага чаю ці лепш кавы. Вы ў Дабрацічах?

– Так.

– Буду праз пяць хвілінаў, я ў Страдчы.

Я паставіла чайнік на газ і кінулася насустрач Зосьцы – цяпер я яе пазнала, гэта сапраўды была Уругвайцава ўнучка.