Аксанка, задыханая, прыкаціла на ровары апошняй. Я яе не адразу і пазнала: яна не папаўнела, як можна было б чакаць, але за час, што мы не бачыліся – а гэта год дзесяць – змянілася непазнавальна. Яна была як апушчаная ў ваду. Мы з ёй вучыліся ў адным класе, а зараз яна дырэктаравала ў той самай страдзіцкай школе, дзе мы раней вучыліся. Кіўнуўшы нам, яна паклала ровар на траву, падышла да труны і пацалавала бабулю ў лоб. Выпрасталася, задумалася, пагладзіла бела-карычневую руку нябожчыцы.
Хоць мне і нельга па звычаі, але я мыла бабулю разам з Ярашыхай і Кацяй Уругвайцавай – самі б яны не ўправіліся. Ногі і рукі адмыць не ўдалося – за пазногцямі, у дробных трэшчынках, у капілярах скуры засталася зямля, якая так моцна ўелася ў скуру, што яе не брала ні мыла, ні пемза, і цяпер я падумала, што наша баба, якая хутка стане дабрацінскай зямлёй зусім, была дабрацінскай зямлёй і раней – прынамсі, часткова. Прынамсі, у частцы рук і ног.
Трымаючыся за край труны, Аксанка загаварыла. У яе змяніўся нават голас – у ім не стала самых высокіх і нізкіх тонаў, і гучаў ён занадта роўна. Гаварыла яна па-нашаму, і людзі здзіўлена паднімалі галовы: відаць, не чакалі такога ад дырэктаркі школы.
– От і зноў нам сходка. Зноў хаваем. От і вітэ, цётка Макрынё, ад нас пайшлі. Нарабіліся, напрацаваліся за жыццё, не было вам ні водпуску, ні выхадных – спачнеце зараз. Зямля вам пухам. Бог вашу душу прыме і каля сябе пасадзіць. А мы астанемся тут адны, без вас. Зарастуць бур’яном вашы чорныя сцежкі. Не будзе нам вашае мовы і вашае рады…
Толькі лёгкая бялявая кудзерка выбівалася зпад Аксанчынай чорнай хустачкі зусім па-ранейшаму, як у дзяцінстве; на твары, у выразе сукенкі на грудзях выступілі дробненькія кропелькі поту, хаця на вуліцы хутка і прыкметна халадала.
– От мы хаваем сёдня вас, і нам горка, горка на сэрцы – даўно ўжэ мы сіроты, а без вас асірацеем яшчэ больш; мы вас пахаваем, а як прыйдзе наша гадзіна, хто пахавае нас? Чы астанецца тут хто? Але… У нашу гадзіну з нас і будзе спрос – а вітэ спіце спакойна, пражылі жыццё дастойна і праведна, цётка, а мы вас не забудзем.
Аксанка пакланілася і адышла.
Хмару працягвала холадам, дажджу зноў не будзе. Парывы ветру насілі па двары салодкі пах скабіёзы і ад жоўтага аслінніку пах нябожчыка. Труну павезлі на могілкі возам. Хто прыйшоў з іншых вёсак – рушылі следам. Дабрацінцы, акрамя Уругвайца, на могілкі не пайшлі – не хадакі. Не тыя гады. Не пайшла і Аксанка – абняўшы Уляну, прытуліўшыся да мяне, патлумачыла, што ёй тэрмінова трэба вярнуцца ў школу, куды сёння павінны прывезці новыя дошкі і парты, і паабяцала днямі зайсці…
Няцяжка расказваць пра пахаванне. Пра паніхіду пад высокімі надмагільнымі бар’якамі, пра пясок, які, высыхаючы на вачах, час ад часу сплываў струменьчыкамі ў свежавыкапаную магілу, пра той момант, калі века труны зачыняюць, калі апускаюць труну ў яму, і кідаюць следам крыж-накрыж ручнікі… Я бачыла каля сябе сваё жывое адлюстраванне – сястру, дрыжыкі на яе руках, белы твар. Бабуля строга і не раз наказвала нам, каб мы
Усе гэтыя дні было многа клопату, і Улянка нават не паспела яшчэ разабраць свае рэчы. Як прывезла з вакзала валізу, так яна і стаяла ў сенях. Нам не было калі пагаварыць, а тое, што я мусіла паведаміць ёй, нельга было гаварыць у гарачцы. Пільнуючыся старога звычаю, мы сядзелі па начах каля бабулінай труны – але толькі на змену, і пагаварыць не было як. Днём прыходзілі
Ні Антон, ні Юрка на пахаванне не прыехалі. Юрка, Улянін муж, якраз быў у Кракаве, рыхтаваў кангрэс архітэктараў, адказным арганізатарам якога ён і з’яўляўся, і мы вырашылі, што яму трэба заставацца там, давесці справу да канца, бо, калі ён з’едзе, кангрэс можа сарвацца. А на Антона я разлічвала. Я так і не змагла да яго дазваніцца і вымушана была даць тэлеграму. Позна вечарам ён пазваніў мне сам. Далёкім голасам паспачуваў, пашкадаваў, што не зможа прыехаць, прапанаваў прыслаць памочніка з грашыма і машынай. Зазлаваўшы, я адмовілася ад такой дапамогі і ўжо хацела кінуць слухаўку, як раптам успомніла рапуху ў тэлевізары – я была ўжо паспела намёртва (які страшны каламбур!) забыць пра яе і ўсё з ёй звязанае.
– Тосік, што ты там уздумаў? Навошта табе гэта? Я так баюся за цябе…
– Не хвалюйся, – Антонаў голас памякчэў, прыблізіўся, ён яўна не чакаў гэтага
Як недарэчна разанула гэтае «гуляю»! Даўнавата мы з табой ужо не гулялі, я наогул забыла, што такое гульні – усё ў нашым жыцці было нават надта сур’ёзна. Але я не паспела сказаць пра гэта – у кухню, дзе я гаварыла, зайшоў Уругваец, за ім – заклапочаная Уляна. Мая прысутнасць патрабавалася на чарговай гаспадарчай нарадзе, і я паспяшалася развітацца.
Пасля памінак мы з сястрой не сталі прыбіраць.
– Хадзем наверх, – прапанавала Улянка, калі ўсе разышліся зза вялікага, састаўленага з трох, стала. – Паляжым крышку. Ногі дыгаюць.
У сваім пакоі яна апусцілася на канапу і закрыла вочы рукой – бабін жэст, які мы абедзве перанялі.
– Здаецца, зрабілі ўсё так, як яна наказвала, – сказала сястра, не адкрываючы вачэй. – Як хацела. Поп толькі мне не вельмі спадабаўся – занадта спяшаўся, па-мойму.
– Улянка, мне трэба паведаміць табе адну важную рэч.
Улянка расплюшчыла вочы.