Книги

Рыбін горад

22
18
20
22
24
26
28
30

– …цярпі, Алка! То ніц, Алка, то ніц. Вочы не заплюшчуй! – але я, мусіць, заплюшчыла вочы.

Памятаю прэтэнзію фельчаркі з хуткай:

– Ну, разве можно было вырывать из раны мотычку? Ничего нельзя было трогать, – бурчэла яна, увішна перабінтоўваючы мне спіну.

У бальніцу першай да мяне прыляцела Зарніцкая.

– Ну, ведаеш, гэта ўжо перабор! – накінулася яна на мяне з парога. – Сяджу, нікога не чапаю, пачыняю прымуса, тут звоняць з бальніцы, што ты паступіла з сечанай ранай!

– Я папрасіла цябе паклікаць, – прашаптала я.

Ад лекаў, якіх мне шчодрай рукой тут адмералі, нямеў язык ды хіліла ў сон.

– Жывёлаў тваіх суседка гэтая, што цябе знайшла, Вера Мікалаеўна, сказала, пакорміць. Але што, дзеля Бога, з табой здарылася? Хто цябе так?

Я коратка расказала Ленцы пра напад Аксанкі, з якой яна, дарэчы, пару разоў сустракалася, падкрэсліўшы, што нічога не разумею ў прычынах такога экстравагантнага ўчынку і пакуль прашу яе, Ленку, шчыльна трымаць рот на замку на гэты конт.

– Экстравагантнага!? Яна ж магла цябе забіць! – Ленка рашуча абцягнула сваю чырвоную марынарку. – Значыцца, вось што! Вы можаце там што хочаце вытвараць, але заўтра, калі цябе выпішуць – а доктар кажа, што заўтра можна выпісаць, бо ў цябе галоўным чынам быў шок ад болю, а з яго цябе вывелі – я папрашу Хведзьку прывезці табе чатырох пітбультэр’ераў! Маўчы! Ён начэпіць іх на двары, дык хоць буду мець пэўнасць, што ніхто да цябе без тваёй згоды не даскочыць. Заадно патрымаеш іх, пакуль я не вярнуся, – бо мы заўтра ў адпачынак ў Польшчу, у Кастамалоты. – Раптам яе наведала новая думка. – І ведаеш што? Давай мы возьмем з сабой і Уляніных дзяцей!

Я, толькі выведзеная з шоку, ледзьве не ўпала ў яго назад.

– Ашалела! Столькі народу з сабой папрэш?!

– Ну і што? Казік з Лінай ужо не немаўляты, а мае кабылкі дык і зусім дарослыя. Ім там напэўна будзе цікава. Нас запрасіў мясцовы святар, ён арганізаваў у Кастамалотах невялікі скансен: экскурсіі па наваколлі, царква, якую пабудавалі адразу па прыняцці уніі, старыя дамы пад саламянымі стрэхамі… Нашы з лячэбніцы ўжо былі, проста ў захапленні засталіся. Ёсць што паглядзець. Рыбалка на Бугу, зноў жа. А то, як гаворыць мой муж, – горад над Бугам, горад над Бугам… а таго Буга ў вочы не пабачыш… Словам, звані Уляне, хай бяжыць да натарыуса афармляць дазвол на выезд. Хай дзеці лепш пабудуць за мяжой. Уляна як у вір скача, ты ў нешта такое ўляпалася незразумелае – давай пакуль патрымаем дзяцей далей ад роднай краіны.

Уляна павінна была прывезці ў Дабрацічы з Менска сваіх дзяцей, Ліну ды Казіка, але з улікам апошніх падзеяў іхняе знаходжанне ў Дабрацічах выглядала ўжо папросту небяспечным. Таму прапанова Зарніцкай прываблівала.

Ліна – хросніца ЗарынадБугам, і тая ставіцца да яе з асаблівай пяшчотай. Ды і наогул яна, хоць і носіць чырвоныя пінжакі і варочае мільёнамі, ставіцца з пяшчотай да ўсяго, што варушыцца – зрэшты, і да таго, што не варушыцца таксама. І дочкі яе, «кабылкі», такія ж, як мама. Замежныя пашпарты ў Уліных дзяцей былі – помніцца, і дазвол на выезд Уляна з Юркам афармлялі яшчэ на пачатку лета – словам, я прызнала, што гэта было б някепска, перагаварыла з сястрой, і Лена памчалася ўсё арганізоўваць, паабяцаўшы праз дзве гадзіны прыехаць яшчэ раз.

Але пра які вір гаварыла Зарніцкая? Што ў яго скача Уляна? Я не паспела гэтага абдумаць, бо мяне наведаў яшчэ адзін чалавек.

Ён увайшоў без стуку, павітаўся, сеў каля ложка без запрашэння і паглядзеў на мяне вельмі пільна. Я пракінулася ад дрымоты.

– Ала Анатолеўна Бабылёва? Аднойчы мы ўжо бачыліся. Мяне завуць Андрэй Ільіч Рудкоўскі, і я, калі памятаеце, дабрацінскі ўчастковы інспектар.

Гэта быў той самы малады чалавек, які нядаўна заходзіў на наш двор, каб напіцца.

– Раскажыце, калі ласка, што з вамі адбылося.