– Аксанка?! Як ты мяне напалохала! – я хацела з палёгкай уздыхнуць, але ўздых засеў мне ў горле.
Твар у яе быў жахлівы. Маска белай смерці. Калі спачатку я ўздрыгнула проста ад нечаканасці, то, прыгледзеўшыся, застрашылася менавіта таго, што кіпела ў яе вачах. Апошні раз мы бачыліся на пахаванні бабы, і тады, паабяцаўшы адна адной сустрэцца найбліжэйшымі днямі, рассталіся зусім мірна. Але цяпер яна была раз’юшаная, быццам вось толькі што, за хвіліну да гэтага, я нясцерпна яе пакрыўдзіла, зрабіла нейкую неймаверную шкоду, здрадзіла, забіла яе дзіця… Поўныя вусны аж скруціла ад злосці, а вялікія вочы звузіліся да шчалюбінаў.
– Ах ты, гадзіна! – ускрыкнула яна і моцна пхнула мяне ў грудзі.
Я ўпала ніцма, выпусціўшы з рук свой сельскагаспадарчы інвентар.
Аксанка схапіла маю цяпку, замахнулася зза пляча і секанула па мне. Я ў гэты момант ужо паднімалася, але адхіліцца не паспела – вострае лязо ўрэзалася мне ў спіну, пад лапатку. Гэта была старая бабуліна матычка, вастрынёй яна не саступала нажу: зробленая на замову кавалём адразу па вайне, з лёгкім альховым, адлякаваным часам тронкам.
Ад шоку, болю, нечаканасці я зноў упала.
– Аксанка, ты што!?
– Заб’ю! – Аксанка схапіла вілы.
Гавораць, у стрэсавыя, небяспечныя для жыцця моманты людзі набываюць неймаверную моц і спрыт і дзякуючы гэтаму выратоўваюцца. Можа быць. Але да мяне гэта не мае дачынення. Воля ў мяне занадта слабая – гэта я адчувала не раз. Фатальна адчула цяпер. Замест таго, каб крычаць, уцякаць, хоць нешта рабіць, я толькі няўцямна, да межаў магчымага расплюшчанымі вачыма глядзела на Аксанку, на ўзнятыя нада мной вілы і не магла нават варухнуцца.
Але памерці на дарозе ў гарод ад рук сяброўкі дзяцінства мне суджана не было.
Раптам твар яе перамяніўся, змякчэў, і я зразумела, што застануся жывой. З усяе сілы яна ўвагнала вілы ў пясок побач з маёй галавой і, выдыхнуўшы з нянавісцю: «Каб ты здохла, праклінаю цябе!» – знікла за кустом, як і не было.
Я здолела вырваць цяпку са спіны. Кроў на сталёвым лязе, як густая фарбагуаш.
Я страціла прытомнасць.
Далейшае памятаю ўрыўкамі.
Добра памятаю пясчынкі – маленькія валуны, белыя, залатыя, шэрыя перад маімі вачыма. Заклапочаны мураш у роздуме круціць вусікамі. Чырвоная пляма на пяску каля майго пляча.
Лялька-маладая. Закусіўшы губу, абсыпаная ружовай пудрай, з нафарбаванымі бураком шчокамі, яна сядзіць побач, выцягнуўшы загарэлыя да кален і малочныя вышэй ногі, малюе пальцам па чырвонай крывавай пляме і з цікавасцю разглядае мяне.
– Лялька, калі ласка, пакліч каго-небудзь, – з цяжкасцю разляпіўшы вусны, папрасіла я. – Скажы мацеры.
– У тую нядзелю мы былі ў царкве, – адказала Лялька. – І ў тамтую нядзелю.
Яна сядзела побач са мной, перасыпаючы са жменькі ў жменьку пясок… Рукі прыгожыя, тонкія…
Потым, памятаю, твар Ярашыхі качаўся нада мной, бы ў сіняй смузе – карычневы ад сонца твар, у рамцы белай хусткі, на тле высокага неба: