– Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?
– У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.
– Раскажы.
– Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.
– А Куля – гэта хто?
– Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.
– Дык ён як гэта, крыша?
– Менавіта.
– І цябе крышуе?
– Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…
Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, ці не быў, а зло віравала, танчыла, балявала, падбіраючыся да нашай зямлі, якую Кукаль назваў грунтамі. Я б і саступіла, але побач са мной, на шляху гэтага дзікага танца, на парозе гэтай бальнай залы, стаяла сястра, і я ведала, што яна якраз не адыдзе. Ну а калі так, то і я буду побач з ёй.
– Не, Кукаль не падсыпаў бы ў каву кардыёстым, – пахітала галавой Ленка, калі Улянка прапанавала ёй гэтую версію. – Нават калі лічыць, што ён на такое здольны. Ён папросту падаслаў бы каго са сваіх ахоўнікаў – а іх у яго досыць – з нажом ці пісталетам – і справе канец. Хутка і надзейна. Тут нехта знаёмы, нехта, хто ведаў асаблівасці стану вашага здароўя…
– Але навошта? На якую халеру?
– А гэта ўжо, дзеўкі, не ў мяне пытайцеся, а ў сябе.
– Чуеш, а чаго ён так учапіўся за Дабрацічы, гэты Кукаль? Чаму яму менавіта тут закарцела будавацца? – спытала Уляна.
– А я знаю? У багатых свае капрызы: вось заманулася, і ўсё. Месца ля мяжы, недалёка ад трасы – на кліентаў спадзяецца. Дальнабойшчыкі там розныя, турысты… А можа, радовішча тут адшукаў нейкае. Нафту. Дык хоча купіць зямлю, пакуль ніхто не дазнаўся, я ведаю?
То ніц!
У задуменні, нага за нагу, брыла я на гарод, маючы ў руках матычку і вілы, а ў галаве – цвёрды намер давесці да ладу граду з трускаўкамі – як даніну памяці бабулі; бо па мне – то хай згараць яны ад гэтай пякельнай сушы, гэтыя трускаўкі, чым хутчэй, тым лепей… Сёння раніцай Улянка паехала ў Менск. У гарачцы збораў, кармёжцы клятай свінні (халера, ну нашто мне яна? – я ж, ясная справа, нават не змагу ўзяць у рот адбіўныя з гэтых тлустых сцёгнаў, бо буду памятаць гэтыя кемлівыя вочы!) я на нейкі час забылася на пытанні, якія займалі мяне ў апошнія дні, а вось цяпер, у адносна вольную хвіліну, па дарозе на гарод, яны зноў выплылі на паверхню, як бурбалкі балотнага газу з чорных нетраў. Прааналізаваўшы яшчэ раз усё, што адбылося, я вырашыла, што час ужо спалохацца і прыняць нейкія захады дзеля абароны сябе.
Раптам зза куста вывернулася на дарогу жанчына.
Спалохацца я паспела. А прыняць захады – не.