Толік толькі паціснуў плячыма.
Лялька-маладая ўзяла з міскі кавалак шынкі.
– Ведаеш, – сказала Улянка, калі мы вярталіся дадому, – а вось у гэтага Івана быў матыў жадаць бабінай смерці. Магу сабе ўявіць іх размову з бабуляй. І, здаецца, ён з тых, каго сумненні і сумленні не мучаць.
– А сёння ў яго, як я разумею, з’явіўся матыў жадаць і нашай смерці. І гэта ўзаемна.
Узаемна? Я крывіла душой, праўды няма куды падзець.
На Іванавым твары адбіліся тайныя знакі. Ёсць твары пустыя. Ёсць твары, поўныя цяжкога насення. А ёсць твары, на якіх адбітыя тайныя знакі. Гэтыя – самыя прывабныя. Вось такі твар у Івана. Твар, пастава, непустыя вочы – я заўсёды рабіла выснову пра людзей з першага погляду. Мала хто з першага погляду спадабаўся мне так, як Іван. Канечне, мы не прадамо яму дом, але навошта Уляна гаварыла з ім так рэзка?
У чалавека з такім тварам можна закахацца, больш за тое, яго можна кахаць, – думала я, верная мужава жонка, моўчкі ідучы далінай побач з сястрой. Не веру ў тое, што пра яго плявузгаў Толік. Проста яму зайздросцяць.
Калі мы прыйшлі дадому, Улянін мабільнік, які яна забыла, надрываючыся, аж скакаў па кухні, а да плота падрульваў Ленчын бусік.
Улянка вярнулася ад тэлефона задуменная, патлумачыла:
– Мне трэба заўтра на адзін дзень у Менск, тэрмінова выклікаюць.
– Ну дык чаго ты кіснеш? З’ездзі, калі трэба.
– Нt хочацца тут вас пакідаць.
– А што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?
– Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.
– Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?
– Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.
– Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.
– Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.
– Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з
– Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…