Кукаль гаварыў спакойна, ветліва, хоць і на «ты», але Улянка пачала закіпаць.
– Мае дзеці – не твой клопат. Дом не прадаецца, я ж сказала.
– Паслухай, ну гэтая старая розум згубіла, але ж ты ж сучасны чалавек? Чаго ўпарціцца? Купіце сабе многа лепшы дом у іншым месцы.
– Сам купі сабе дом у іншым месцы.
Ён прыўзняў брыво. З машыны выйшлі два высокія маладзёны; як у дурным фільме, далібог. Але голас Кукаля пакуль заставаўся роўным. Рухам стомленага чалавека ён пацёр лоб.
– Падумайце. Ну, застаняцеся вы тут… Якая вам карысць будзе сядзець пад плотам дома адпачынку? Адпачывальнікі, тое, гэтае, шум, гам… Падумайце над маёй прапановай. Тут будзе вялікі комплекс. Вось там – галоўны корпус, тут – бар, абсталюем крыніцу як след, купал надбудуем, расчысцім…
Трохі далей за пагоркам стаяў дом бацькі Толіка. Стары Ёвік даўно памёр, Толік жыў у прымах у Страдзічах, але тут трымаў гарод. Мусіць, пачуўшы ляскат дзверак, ён вызірнуў з хлява, дзе нешта парадкаваў і заспяшаў да нас, як быў, з віламі ў руках.
– Што ж, давайце так дамовімся, – падвёў рысу Кукаль. – Я дам вам на роздум дзеньдругі, але не цягніце, мне час дарагі. Не забывайце, грошы – яны ўсеагульны эквівалент, а з домам усякае можа быць… Ён старэе, рассыпаецца, шашаль яго точыць, згарэць можа, ці мала што…
Ён няспешна павярнуўся і, так і не падышоўшы да венеролага, больш не зірнуўшы ў наш бок, сеў у машыну, і «мерсэдэс» ад’ехаў.
– Тоўсты зноў наконт куплі дома прыязджаў? – пацікавіўся Толік, падыходзячы.
– Ты яго ведаеш?
– Бачыў. Бачыў, як ён прыязджаў да вашай бабы і яна яго адшыла – помніш, я гаварыў на памінках? – бачыў, як прыязджаў да бабы Лялькі – добрага здароўя, баба! – чуў, як яна прыкідвалася дурніцай…
– Што за ён?
– Дык бізнэсмен. Круты. У яго бізнэс у Берасці, рэстараны, месцы на рынку… Але, гавораць, асноўны даход яму прыносяць наркотыкі і прастытуцыя. Ён тут у нас асоба вядомая. Кароль. Ну і чагосьці ўцямяшылася яму купіць тут зямлю.
– І да цябе прыходзіў?
– Не, наш участак яму не патрэбны. Вось тут, на пагорку, каля крыніцаў ён хоча будавацца. Дом адпачынку, а на самай справе, гаварылі хлопцы на рабоце, будзе бардэль.
– Што-оо?
– Бардэль. Блядзюшнік.
Няма словаў, маўчанне.
– А што ж міліцыя, улады? – спытала я няўпэўнена.