– І ўсё ж, трэба аддаць знаходку ў музей, – стаяла на сваім Улянка.
– Правільна. Ты атрымаеш дулю, а з музея спадчыну пана Трызны адразу забярэ гэтая самая «дзяржава», і дулю атрымаюць усе іншыя.
– Тым не менш, я катэгарычна супраць таго, каб прадаваць скарб за мяжу. Як бы пафасна гэта ні гучала, але такі скарб належыць усяму народу – у тым ліку і будучым пакаленням, – стаяла на сваім Уляна.
– Тады нашто мы яго ўвогуле шукалі? – зазлаваў Валік.
– Харэ спрачацца! – голас Толіка набыў нячаста чуваную цвёрдасць. – Ад пачатку ведаў, што такая спрэчка ўзнікне і доўга мазгаваў, як яе вырашыць. І прыдумаў. Нам усім ад пачатку гэтай гісторыі неверагодна шанцуе. Слухайце сюды. Я праз інтэрнэт пазнаёміўся з такім Майсеем Патапчуком, дырэктарам самага вялікага канадскага банка «Бізнэссіцібэнк» і па сумяшчальніцтве ўраджэнцам слаўнага горада Брэста. Ён, дарэчы, аднагодак бабы Макрыні і нават ведаў яе ў маладосці. А яшчэ пан Майсей – уладальнік ці не самай багатай у свеце калекцыі – халера, як гэта, ўсё не магу запомніць, – а… артэфактаў, якія маюць адносіны да гэтых мясцінаў. Ён даўно ўжо абвясціў, што сваю калекцыю завяшчае гораду Брэсту, пры ўмове, што для калекцыі будзе забяспечаны адкрыты доступ і будуць гарантыі яе бяспекі. Да тае пары калекцыя мае захоўвацца ў Канадзе, у дэпазітары ягонага банка. Дык вось, пан Патапчук гатовы купіць знойдзены намі скарб. А ўжо паклапаціцца, каб ён заплаціў за яго належную цану – гэта я бяру на сябе.
– Але трэба нешта выдзеліць Уругвайцу, Лёнісе і Ярашысе. Яны дабрацінцы, – Улянка высунула яшчэ адну ўмову, – а скарб знойдзены ў дабрацінскай зямлі.
– А хто супраць? – азваўся Толік. – Выдзелім, але пакуль што давайце паглядзім больш уважліва, што мы тут маем. Алка, пішы.
Ацэнка скарбаў, з перапынкам на кармёжку звяроў і птушак, піццё гарбаты і выпяканне аладкаў, заняла амаль чатыры гадзіны. Скарб уражваў. Пацягнуў ён на многа, я нават не буду называць вам, на колькі. Эйфарыя, якую мы ўсе адчувалі ў тую раніцу, была раўнацэнная кошту скарбу, паказанаму ў далярах ЗША.
Пярсцёнкі, раскладзеныя на старой сцёртай цыраце – гэта было такое хараство, якога я не бачыла ні да таго, ні пасля. Доўгі час мы разглядалі іх, перадаючы адно аднаму. Я папрасіла:
– Я б хацела пакінуць адзін на памяць, з тым, каб потым яго кошт адняць ад маёй долі.
– Што ж… – Толік запрашальна павёў рукой. – Думаю, толькі справядліва аддаць пярсцёнак той, праз каго нас да яго прывёў пан Трызна. Думаю, пан Трызна гэтага хоча.
Я нахілілася над сталом і павольна правяла рукой над гурбай пярсцёнкаў. Што выбраць? Вось гэты, з дробнымі сівенькімі перлінкамі, утопленымі ў матавую асаду? Гэты, з чырвоным, бяздонным, як душа крыві, сапфірам? Гэты, пра які Толік сказаў «з рэдкім аквамарынам тыпу блакіт»? Раптам я нешта адчула. Гук нейкі ўвушшу, ці цяпло на далоні, ці выкрык недзе… Пад рукой бліснуў каменьчык, і я, прыслухоўваючыся да сябе, асцярожна падчапіла пярсцёнак. Той? Так, той.
Пярсцёнак быў яшчэ не дароблены майстрам, сказаў пра яго Толік. Неадшліфаванае срэбра, у якім утопленыя неадшліфаваныя ж дробныя цёмныя каменьчыкі-агаты. Я прымерала яго на безыменны палец левай рукі. Падышоў. Заняў амаль усю фалангу. І зноў я адчула ці то гук, ці то дотык. Гэта было прывітанне, і я ведаю – ад каго. Здагадваюся, чаму прывітанне менавіта мне. І я ўпэўнена, што мы яшчэ пабачымся з гэтым чалавекам – ці пабачацца нашыя душы, прынамсі. Тады і даведаюся пра ўсё больш дакладна, калі размовы пра гэта будуць да месца.
Рэшту пярсцёнкаў Толік метадычна спакаваў назад у куфэрак.
– Ну, цяпер самы час выпіць, – весела прапанавала Улянка. – Ал, нясі, што там у цябе ў схованцы!
Я прынесла віно і пяць шклянак. Сабе адразу наліла з чайніка кампоту, патлумачыўшы:
– З таго часу, як мы прыкончылі Кукаля, я больш не магу піць.
Толік таксама падставіў сваю шклянку пад носік чайніка:
– З таго часу, як мы адшукалі скарб, я больш не хачу піць.
– Вось і стала на двух алкаголікаў менш, – шырока ўсміхаючыся, сказаў Юрка. – Ну, вып’ем за здзяйсненне мараў!