Книги

Рыбін горад

22
18
20
22
24
26
28
30

– Не трэба рыдлёўкай. Улянка, пасвяці.

Я тыцнула свой ліхтар сястры і села на калені перад куфэркам. Пад маімі пальцамі задыхала старое дрэва, каваныя ражкі аддавалі жывы холад зямлі. Я знайшла невялічкую пукатасць пад правай ножкай і націснула. Нешта шчоўкнула, і вечка злёгку прыадчынілася, паміж ім і сподам з’явілася шчылінка. Куфэрак адамкнуўся.

Я абвяла ўсіх позіркам.

– Ну! Адчыняй, – прашаптала Улянка.

Дрыготкай рукой я пасунулася да вечка.

– Не, не магу. Баюся, – таксама шэптам адказала я.

Толік, відаць, не баяўся. Ён упаў на калені і рэзкім рухам адкінуў вечка.

Месяц затрымаўся на небе, каб разгледзець гэта. З-за далягляду, нецярпліва падскокваючы, вызірала сонца, каб гэта пабачыць.

У мяккім перадранішнім і пасляночным святле ззялі сваім уласным святлом камяні; пярсцёнкі былі сабраныя ў акуратныя вяночкі на дроціках. Львоўскі ювелір, мусіць, спецыялізаваўся на пярсцёнках. Імі, залатымі, жоўтымі, з чырвонымі, зялёнымі і празрыстымі камянямі, звязанымі ў скрутачкі, быў ахайна запоўнены ўвесь куфэрак памерам са скрыню ад жаночых чобатаў.

– Там у поли три дуби… – раптам на ўвесь голас, найніжэйшым басам заспяваў Толік.

– Там у поли три дуби, три дуби, – падхапіў Валік на чвэрць тона вышэй.

– Зібралися до купи,Зібралися до купи!

Дубы, пра якія вялася гаворка, сцішана зашумелі пад ветрам раніцы.

Мы спявалі. Я спявала першы раз у жыцці, калі не лічыць заняткаў па спевах у школе. Ваколіцы прыгаломшана маўчалі, узыходзіла сонца, і мне чуўся шосты голас – магутны, зусім блізкі голас, які я аднойчы чула такім задыханым і спёртым. Якім аднойчы я гаварыла сама.

Новы кліент Сотбі

– Не мог ён спецыялізавацца на пярсцёнках! – запратэставала Улянка. – У сямнаццатым стагоддзі ўвогуле не існавала спецыялізацыі!

Я расказала пра тое, якім чынам даведалася, дзе шукаць. Здаецца, Улянка ды астатнія і хацелі б мне не паверыць, каб доказ маёй рацыі не ляжаў россыпам на цыраце кухоннага стала. Моўчкі, доўга ўся чацвёрка глядзела на мяне; даўно мне не даводзілася ўводзіць людзей у такое аслупяненне. Мая тэорыя пра норы ў часе выклікала нейкае здранцвенне; не чакалі яны такога ад алкагалічкі Алкі.

Россыпам ляжалі пярсцёнкі на стале ў старой кухні, россыпам лётаў па кухні смех.

Мы не пабаяліся прыйсці са скарбам дадому, таму што папярэдне да нас прыязджаў знакаміты Саналееў, які нейтралізаваў у хаце ўсю прослушку. Прыемны ў манерах, лысаваты, нешматслоўны і вельмі хуткі ў рухах, ён імгненна знайшоў дзве малюпасенькія блямбачкі – у дзвярах на першым паверсе і пад вешалкай на другім, пачараваў над нейкімі правадкамі, наляпіў на кабэбэшныя блямбачкі нейкія свае, адкрыў ноўтбук, закрыў ноўтбук і абвясціў:

– Гатова! Мы змадэлявалі вашыя галасы, Лілька накатала дыялогаў – іх і будуць цяпер слухаць таварышы маёры. Тыдзень спакойнага жыцця я вам гарантую.

– Вы паставілі запіс замест рэальных галасоў? – удакладніла я.