– Але чаму вы не хочаце дзейнічаць ад свайго імя?
– Цяжкасці з падаткамі, не хочам свяціцца, – адказала Улянка.
Такі адказ быў зразумелы грамадзяніну Злучаных Штатаў.
– Ну, калі вам трэба, калі ласка… Асабліва з улікам таго, што атрымае грошы і мой бацька…
І ягоны бацька атрымаў грошы, і ўсё ж такі перабраўся да яго ў Амерыку.
Ярашыха сваю «дапамогу» цалкам аддала Мішыку і таксама пераехала да яго. Забойца маёй бабулі атрымаў, такім чынам, частку грошай, дзеля якіх ён і здзейсніў забойства – хаця і не хацеў гэтага… Дзіўна, але я не адчуваю да яго ні прагі помсты, ні нянавісці. Хай будзе так, як распарадзіўся лёс. Урэшце, не будзем забываць: гэта ж ён напісаў вершы, у якіх, па выразе таго ўкраінскага спевака, жыве душа гэтай зямлі. Асуджаць яго я не буду: і не такіх, як ён, магія грошай зводзіла з простых шляхоў… Тым больш, што пры цяперашніх абставінах, цалкам верагодна – калі будзе на гэта божая воля, – ён яшчэ напіша новыя геніяльныя вершы.
Лёніха аднесла грошы, як і падораны ёй Нгваасі дыямент, у сваю баптысцкую грамаду, і дзякуючы гэтай шчодрасці энергічныя пратэстанты вельмі хутка выбудавалі малельны дом. Белы і стромкі, з крыжам высока ў небе, ён стаіць на паўвыспе, глядзіць у возера, якое ўтварылася на месцы дачаў, і прыцягвае погляды ўсіх, хто праязджае па чыгунцы… Лёніху грамада перавезла з закінутых Дабрацічаў у Страдчэ і пасяліла ў добрай хаце.
Дабрацічы апусцелі, і на мапе, выдадзенай Белгеадэзіяй нядаўна, побач з назвай у дужках стаіць памета
Валік з Воляй жывуць, як жылі, у Страдчы, Воля больш не працуе ў туалеце, але туга з яе вачэй нікуды не знікла. Валік таксама звольніўся з «Агравіталікі+». Лежачы на баку, ён многа чытае, і адзінота яго адступае.
Улянка сваю частку грошай аддала на арганізацыю незалежнага спадарожнікавага канала. Гэта ўдалося зрабіць вельмі хутка.
А Толік здолеў значна павялічыць сваю частку грошай. Ён адкрыў турыстычную фірму, прычым зрабіў гэта яшчэ да таго, як на мяжы афіцыйна прыбралі калючы дрот. На той момант, калі сталінскія межы перасталі існаваць, ён ужо меў набыты ў Нямеччыне дырыжабль з празрыстымі бакамі і напоўніцу раскручваў эксклюзіўны маршрут пад назвай «Неба над Бугам». Цяпер ён стаў вельмі папулярным у Еўропе, і калі вы захочаце ім скарыстацца і пазвоніце ў Толікаў офіс у Берасце, прыемны жаночы голас прапануе вам запісацца, скажам, на дваццатага наступнага месяца. Запішыцеся. Дваццатага вы прыедзеце ў Берасце, даберацеся да Брэсцкай крэпасці і падымецеся на борт вялізнага дырыжабля. Павольна ўзнясецца паветраная махіна, павольна паплыве ў небе над шырокай ракой, адлюструецца ў бясконцых азёрах, цяжкія шапкі лясоў закалыхаюцца пад вашымі нагамі, і ўсе тыя мясціны, пра якія ішла тут мова, вы пабачыце самі. Ад Берасця і аж да Львова, з прыпынкамі на тым і гэтым беразе Буга – цяжкія шапкі лясоў, бясконцыя азёры, шырокая рака, рукавы старых дарог. Толік паклапаціўся і пра кампетэнтных экскурсаводаў, і пра камфортныя начлегі, таму вам напэўна спадабаецца. Час ад часу Толік і сам суправаджае сваіх турыстаў. Тады вы можаце скарыстацца момантам ды распытаць яго, і, думаю, ён не адмовіцца расказаць вам гэтую гісторыю асабіста. Хутка дырыжабль пойдзе на першую пасадку, і, праплываючы над пагоркам і амаль круглым азярцом, Толік пакажа вам месца, дзе калісьці мы спявалі на пяць галасоў, а месяц ды сонца падскоквалі на небе, каб зручней зазірнуць у стары куфэрак. Менавіта там стагадовы калекцыянер пабудаваў свой музей, куды цяпер едуць з усяго свету, каб палюбавацца на ягоную калекцыю. А асноўны экспанат калекцыі – пярсцёнкі пана Трызны, знойдзеныя на гэтым пагорку пад старым дубам.
А ў Кукаля, дарэчы, знайшоўся спадкаемца. Сын. Недзе, гавораць, у Сургуце жыве. Кажуць, неўзабаве прыедзе, каб прыняць немалую спадчыну. Што ж, няхай. Няхай едзе. Калі захоча працягваць справу бацькі – зноў жа, няхай. Рэцэпт супрацьяддзя знойдзены і правераны. Так што няхай паспрабуе.
А норы ў часе пераплятаюцца. З адной можна трапіць у другую, не выходзячы на паверхню. Я даведалася пра гэта нядаўна, але гэта ўжо іншая аповесць.
Примечания
1
Прыдуманая аўтарам асоба.
2
Прыдуманая аўтарам асоба.
3
Прыдуманая аўтарам асоба.