– Цікавая ж твая работа, Алка! Гэта не на трактары гной вывозіць.
– Ды якая яна мая! Калі б Улянка не пачала праглядаць папкі, я б іх так нечытанымі назад і аддала.
Я зусім, трэба прызнацца, забыла пра дакументы з архіва!
Перад тым як паехаць з Менска, я спрабавала знайсці работу – і лепш па спецыяльнасці, чым на Камароўцы гандляваць алеем – і звярталася дзеля гэтага да знаёмых. Вольга Бабкова,[10] задумаўшыся на хвіліну, сказала гэтым сваім голасам, у якім, за закрытымі аканіцамі, напэўна, жыве Вользіна душа:
– Ведаеш што, здаецца, у нас у архіве ёсць магчымасць папрацаваць па-за штатам – расчытваць старыя акты. Гэта, канечне, капейкі, але, з другога боку, і не кепска – будзеш сядзець у сваіх Дабрацічах і разам з тым працаваць, чытаць і набіраць на кампутары старыя дакументы.
Такі варыянт выклікаў у мяне прыліў радасці. Ён падаўся мне ідэальным спосабам паступова вярнуцца да спецыяльнасці. (Хаця, калі падумаць, гэта смаленая кабыла ў чыстым выглядзе: у гадах, калі іншыя рыхтуюцца да пенсіі, я збіралася пачаць працоўную дзейнасць па спецыяльнасці! Але былі ў мяне свае прычыны: я шукала работу, бо мне трэба было адчуць сябе незалежнай; незалежнай мне трэба было адчуць сябе таму, што мой муж Антось знайшоў сабе маладую, і мне пра гэта данесла ананімка па тэлефоне; а здрадзіў мне муж, таму што больш не мог выносіць маёй недарэчнасці і хацеў сабе нармальнага жыцця…)
У архіве мяне нагрузілі гурбай ксеракопій старых
Сама не чакаючы ад сябе такога, я бомкнула:
– Слухайце, а калі лар гэты так недзе і ляжыць? А што, калі яго пашукаць? Улянка, колькі цяпер могуць каштаваць кляйноты вырабу сямнаццатага стагоддзя?
Улянка паціснула плячыма.
– Залежыць ад таго, з чаго і як яны зробленыя. Калі, прыкладам, срэбныя, то… ну, не ведаю, можа, прыкладам па некалькі дзясяткаў – сотняў даляраў кожны… А калі залатыя, ды добрай, якаснай работы, ды з брыльянтамі, то могуць і вельмі дорага каштаваць… Калі маюць гістарычную і мастацкую вартасць – то наогул немаведама колькі, нават і да мільёнаў… Мяркуючы па тым, што гэты пан Трызна іх шукаў з рызыкай для жыцця, мусіць, былі досыць дарагімі для свайго часу, не біжутэрыя… Здаецца, я нешта чула пра ювеліра Трызну, але дакладна не памятаю, я не спецыяліст па сямнаццатым стагоддзі. Але выкіньце гэта з галавы, – рашуча адсекла сястра, заўважыўшы, што хлопцы, як і я, пільна яе слухаюць. – Шукаць скарб – гэта несур’ёзна.
– Чаму несур’ёзна? – ускінулася я. – Таму што я гэта прапанавала?
– Некалькі соцень даляраў кожны… – задуменна паўтарыў Толік і пачухаў прыгожае брыво. – А сапраўды, чаму несур’ёзна?
– Ведаеце, дарагія мае, увогуле скарбаў як такіх у зямлі многа, гэта вядома. Як сказаў Валік, людзі тут жылі, і грошы зараблялі… А паколькі для мінулых часоў закапаць грошы ў зямлю было таксама натуральна, як нам сёння адкрыць рахунак у банку, і паколькі на кожнага цяпер жывучага прыпадае мноства ўжо памерлых, то зразумела, што і скарбаў павінна прыпадаць нямала, але ж… Скарбы знаходзяць або выпадкова, або ў выніку стараннага збору і аналізу інфармацыі. У дадзеным выпадку інфармацыі яўна замала. Ну што мы ведаем: ювелір схаваў свой лар недзе на Бугу, магчыма, у ваколіцах Кастамалотаў, але гэтыя ваколіцы могуць быць досыць вялікімі, прытым на абодвух берагах ракі, а берагі гэтыя нам недаступныя – правы бераг на нейтральнай паласе, левы – і увогуле Польшча… Самі Кастамалоты на польскім беразе… Усё гэта занадта няпэўна. І потым, вы ж бачыце, лар ужо шукалі: і сын ювеліра, і гэты Кастамлоцкі, напэўна, калі цыдулу забраў… Ды і ці да скарбаў нам цяпер? Мне то напэўна
Першае знаёмства з Кукалем Іванам Мітрычам
Больш за ўсё наступным ранкам мне хацелася выспацца. Паспаць. Вось выцягнуцца і спаць, спаць, спаць. Даць адклякнуць напятым нервам. Даць спакой целу. Але гвардыя на двары не здавалася і патрабавала свайго ўжо на досвітку; стогнучы, прыйшлося паднімаць сябе з ложка. Куры выляталі з курніка, як дурныя; гусі шалёна гагалі; качкі кракалі; трусы абураліся моўчкі, толькі выразна шморгалі насамі; а калі я яшчэ ў паўсне адчыніла хлявок, свіння ўсчала такі пранізлівы віскат, што я была на мяжы таго, каб забіць яе на месцы сваімі рукамі. Забіць… Гэтае слова ўтыркнула мяне ў рэчаіснасць, як у разетку. У доме адбылося забойства, незразумелае, але яўнае.
Бабулі больш няма.
– Усё засыпана яблыкамі, – Улянка прыпёрла два агромністыя кашы белага наліву і вываліла ў кутку веранды. – Чатыры дні не збіралі, зямля белая.
Я пачала насякаць буракі, мяшаць крупы і ставіць на газ дробную бульбу.
– Чаго гэта ты так рана ўсхапілася? Я дык, каб магла, то і не ўставала б. І трэ было жыўнасць выпусціць, калі ўжо ўстала.