Усё ён, Парыж, вінаваты. Парыж, які разбэшчвае, руйнуе, прымушае раўнаваць і раўці, як саўгасная карова, адганяючы хвастом аваднёў, прымушае корпацца ў сваіх балячках. Парыская хвароба. Мы, беларусы, не такія. Балячкі можна проста прыпячы.
У 1928 годзе Бядуля выдаў свайго жудаснага “Салаўя” – “аповесьць з часоў паншчыны”. У 1935 яе экранізавалі, а ў 1939 паводле гэтага твору нават паставілі балет. Нечым злавесным патыхае ад гэтых словаў і лічбаў: балет “Салавей” 39-га году…
Сюжэт аповесьці такі. Дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя. Аўтар, які жыве ў Менску, адгукаецца на прапанову сябра зьезьдзіць у саўгас за 20 км ад сталіцы Савецкай Беларусі. Там нейкі стары дзед распавядае яму легенду пра Салаўя, а аўтар слухае – і ў галаве ягонай нараджаецца ідэя аповесьці.
Дзеяньне адбываецца яшчэ да адмены прыгоннага права. Мусьё пан Вашамірскі доўгі час пражыў у Парыжы, дзе закахаўся ў адну акторку, а заадно і ўсёй душой палюбіў тэатр. Але каханьне сканчаецца, абставіны складваюцца не найлепшым чынам, і заўзяты тэатрал вымушаны вяртацца на радзіму ў свой маёнтак. Памятаеце Лятальскага? Яны б з Вашамірскім пасябравалі – а Бядуля, відаць, скарыстаўся з Марцінкевіча, не міргнуўшы вокам.
Дык вось, вярнуўшыся ў свой маёнтак, пан Вашамірскі вырашае зладзіць у ім свой тэатр: выпісвае з Францыі балетмайстраў, набірае групу з прыгонных сялянаў, купляе мужыцкі аркестр, рэжысэрам ставіць ксяндза – і пачынаюцца рэпэтыцыі. Вашамірскі лічыць сябе прагрэсіўным чалавекам, які нясе сьвятло культуры ў гэты богам забыты край. Прагрэсіўны пан жорсткі, як гестапавец, юрлівы, як Казанова, і гістэрычны, як пацыентка доктара Фройда. Граюць сяляне кепска, пан шалее… Адна радасьць – прыгонная дзеўка Марылька, якую пан мацае, з настальгіяй прыгадваючы Парыж, і разважае пра тое, што і тут, у глухмені, ёсьць дзеўкі ня горшыя за францужанак. “Яна ж не парыжанка – мая ўласная халопка”.
“Яны ж быдла…” – прыгадвае ён словы сваёй маці.
Тут Бядуля робіцца роўны свайму таленту – у сваю аповесьць ён устаўляе маленькі, але яркі натуралістычны эпізод, які адразу ўскладняе вобраз пана і нават намякае на псыхааналіз. Пан Вашамірскі часта ўспамінае, як
Потым, як вырас, маці параіла яму «дзеля здароўя» мець зносіны зь дзяўчатамі гэтага «быдла». Лепш, чым з парыжанкамі, ад якіх можна набыць паганую францускую хваробу”.
Але пакінуты Парыж, дарма што быў поўны такой рызыкі, не дае Вашамірскаму спакою. Парыж асацыюецца ў яго са свабодай, пан лічыць сябе вальнадумцам:
У пана з Парыжу і простага беларуса розныя ўяўленьні пра здароўе. Бо ў іх, відаць, нават анатомія і фізіялёгія непадобныя: нехта зь іх іншаплянэтнік, толькі вось хто?
І вось чыста выпадкова сустракаецца пану такі сабе хлопец званы Салавей – пан хацеў выправіць яго ў салдаты за нейкую правіну, але высьвятляецца, што ў Салаўя не абы-які акторскі талент. Салаўя бяруць у трупу, а той уцякае ў лес: ня хоча ён быць акторам у кáта і душагуба.
Пераапрануты Салавей (як там было ў “Шэрлаку Голмсе”: “его пріятель, безработный актер”) наведвае Вашамірскага, заваблівае ў лес і карае, але пакідае ў жывых. Разьюшаны Вашамірскі не паслухаўся мужыцкай навукі – замест таго, каб запісацца ў марксісцкі гурток, ён старанна працягвае катаваць сваіх сялянаў. Тэатр ён даўно распусьціў, пакараўшы за грахі Салаўя ягоных актораў, а французаў адаслаў назад.
І вось прагрэсіўнае сялянства, якому надакучылі панскія выбрыкі, зьбіраецца неяк уначы і спальвае Вашамірскага жыўцом з усімі яго чаляднікамі і тэатральным рэквізытам.
Тэатр Бядулі пачынаецца зь вешалкі, а сканчаецца аўтадафэ.
Шмат якія аўтары беларускай літаратуры, у адрозьненьне ад рэцыдывіста Салаўя, ня надта пратэставалі, калі зь іх зладзілі прыгонны тэатр на пацеху душагубам. Граць у ім адмовіліся адзінкі. Чырвоныя паны таксама лічылі сябе дужа прагрэсіўнымі – урэшце, у кожнага за сьпінай быў уласны Парыж і свая француская хвароба ў галаве.
Рэч тут, вядома, зусім не ў сялянах, учынак якіх герой Бядулі так імкнецца апраўдаць.