Книги

Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры

22
18
20
22
24
26
28
30

Напрыканцы свайго жыцьця Іван Шамякін пакінуў будучым пакаленьням цікавае выслоўе, пыхлівае, сумнае і наіўнае адначасова:

«Па-мойму, на магілах павінны быць ня постаці пісьменьнікаў, мастакоў, а сымбалі, якія выражалі б сутнасьць іх творчасьці. Скульптурныя партрэты могуць ставіць звычайным людзям, якія пакінулі толькі прадаўжэньне роду свайго».

Роду свайго… Як хітра пастаўлены займеньнік… У самым канцы, каб было відаць: мудрэц казаў, а ня нейкі там вісус-бэйбус бязвусы. Відавочна, што сябе Шамякін залічваў да людзей незвычайных, да абранай Богам эліты, якая ступае па жыцьці велічна і ўрачыста, і пакідае па сабе адны сымбалі, як каза гарох. На нейкай невядомай падставе пісьменьнік вырашыў, што ён ужо ў вечнасьці і нейкі там сьціплы скульптурны партрэт будзе яму малаваты. Стаяць у адным шэрагу з тымі недарэкамі, што толькі і змаглі, што пакінуць прадаўжэньне роду? Не, дзякуй. А я хачу ляжаць пад мармуровым сэрцам на бронзавай далоні, а тое сэрца мусяць папіраць маладымі нагамі мае несьмяротныя героі: архітэктары, хірургі, партызаны. Ці хаця б тыя самыя Тарас і Славік.

Зрэшты, можна быць пэўным: тым, хто спачывае на могілках Пэр-Ляшэз у Парыжы, падобныя думкі таксама прыходзілі ў галаву. Прыходзілі ім, а заставаліся ў галовах нашчадкаў. Мёртвыя клясыкі нечым нагадваюць спартоўцаў – у кожнага свая каманда прыхільнікаў, і прыхільнікі мераюцца між сабой: заслугамі, унёскамі, веліччу, значнасьцю, магільнымі помнікамі… Самае эстэцкае спаборніцтва: мерацца густоўнасьцю магілаў. Пэр-Ляшэз у гэтым сэнсе – сапраўдная арэна, калі сямідзесяці тысяч удзельнікаў і многія сотні тысяч гледачоў і заўзятараў штогод. Свае зоркі, свае аўтсайдэры, свае ўлюбёнцы і забытыя імёны… Маўклівы глядыятарскі бой нашчадкаў. Маім мёртвым збольшага пашанцавала – але ня ўсім.

Іван Шамякін глядзеўся б тут на Пэр-Ляшэз недарэчна. Нават не маштаб – стыль ня той. Тут ніхто не прэтэндуе на званьне “народны” – і ніхто не ўзіраецца такім сьветлым чыноўным позіркам у бедных наведнікаў. Тут любяць глядзець у вечнасьць – скрозь нас на сябе.

Тут не баяцца быць мёртвымі.

Не, беларускія помнікі, якія глядзяць на сябе ў люстэрка, як пісаныя прыгажуні, тут бы не прыжыліся….

Што б там ні казаў Іван Шамякін пра звычайных людзей і сымбалі, нашчадкі абышліся зь ягоным высакародным і дужа арыгінальным запаветам, як сапраўдныя гаўнюкі. Шамякін атрымаў на Ўсходніх могілках менавіта скульптурны партрэт, быццам нейкі там звычайны чалавек, які толькі і здольны, што роды прадаўжаць. Цёмна-шэры бюст на невысокім чырванаватым пастамэнце выглядае як помнік другому намесьніку міністра сельскай гаспадаркі, партыйнаму дзеячу сярэдняга намэнклятурнага зьвяна. Унізе надпіс “Іван Шамякін народны пісьменьнік Беларусі”.

Мёртвыя пасьмяяліся б.

Марсэль Пруст – народны пісьменьнік Францыі.

Франц Кафка – народны пісьменьнік Аўстра-Вугоршчыны.

Фрэдэрык Шапэн – народны кампазытар Польскай Народнай Рэспублікі.

Трыстан Тцара – народны паэт….

Жан Жэнэ – заслужаны дзеяч мастацтваў….

Бог зь ім, з Жанам Жэнэ. А калі ўжо тут згаданы Шапэн, дык усім, і мёртвым, і жывым варта памятаць, што польскі кампазытар быў пахаваны на Пэр-Ляшэз, і толькі потым ягонае сэрца выкапалі, на далоні перанесьлі ў Варшаву і перапахавалі на радзіме. Так што сьмерць клясыка – гэта яшчэ не канец кар’еры. Калі нейкія беларускія літаратары пахаваныя на менскіх могілках, гэта яшчэ ня значыць, што Пэр-Ляшэз для іх закрыты назаўжды. Ці мала ў мёртвага чалавека непатрэбных яму ўнутраных органаў… Хаця ў нашчадкаў ідэй і амбіцый усё роўна знойдзецца болей.

У адрозьненьне ад кнігарняў, на Пэр-Ляшэз беларусы ўсё ж ляжаць. Гаворка, вядома, пра Міколу Абрамчыка, колішняга прэзыдэнта БНР, і ягоную жонку Ніну Абрамчык (у дзявоцтве Ляўковіч). Калі прэзыдэнт Абрамчык да літаратуры меў дачыненьне ўскоснае (выдаваў з жонкай у эміграцыі клясыку і пісаў публіцыстыку), дык Ніна Абрамчык пісала сама (і іншым пісаць не замінала). Ніна Раса – такі быў яе псэўданім – пісала сама, была ўкладальніцай некалькіх зборнікаў патрыятычных вершаў, выдавала прыпеўкі, загадкі, рамансы, а таксама мужавы лекцыі па гісторыі Беларусі. Пасьля другой сусьветнай яны з мужам жылі недалёка ад Парыжу, у Вільпэнце, за 19 кілямэтраў ад сталіцы. Тамсама жыў нейкі час першы прэзыдэнт Кот-Дывуару Фэлікс Уфуэ-Буаньі.

Помніка на магіле Міколы і Ніны Абрамчыкаў не было, літары надпісу сьцерлі час і вецер, таму да пачатку нашага стагодзьдзя ніхто дакладна ня ведаў, дзе пахаваная гэтая пара парыжанаў, беларусаў Пэр-Ляшэзу. Толькі ў 2007 магілу ідэнтыфікавалі. Таварыства “Беларуская Нацыянальная Памяць” занялося ўладкаваньнем пахаваньня, і цяпер на магіле Абрамчыкаў бел-чырвона-белыя стужкі, жывая трава і імёны. Усім грамадзянам БНР, РБ, RF і ВКЛ шукаць яе раяць такім чынам. Трэба дабрацца да галоўнага ўваходу на Пэр-Ляшэз. На яго выходзіць вуліца Rue de la Roquette, па якой трэба прайсьціся па могілках да Avenue du Puits. Пасьля зьвярнуць налева і, амаль адразу, зноў налева на Avenue Thirion, затым прайсьці палову вуліцы і нарэшце павярнуць направа. У пахаваных на Пэр-Ляшэз таксама ёсьць адрасы…

Але толку з гэтага бывае мала. Калі мы з табой упершыню прыехалі ў Парыж, прабавілі тут паўдня, блукаючы між магілаў – але да сяго-таго са сваіх усё ж наведаліся ў госьці. Хадзіць у госьці да мёртвых геніяў значна прыемней, чым да жывых. Даведзены да сьмерці “добрымі і нармальнымі” людзьмі Ўайлд, неўміручы голас, званы Джым Морысан, насьмешлівая і інтэлектуальная Гертруда Стайн, аўтарка нашай з табой неверагоднай “Аўтабіяграфіі Эліс Б. Токлас” – вось які быў сьпіс візытаў таго доўгага і дажджлівага парыскага дня.

Могілкі ў маім жыцьці важныя. Гэта робіцца зразумелым, калі пачаць іх прыгадваць, адны за аднымі, як падарожжа.

Чыжоўскія могілкі ў Менску, дзе пахаваная мая добрая бабуля. Тая самая, што некалі завужвала мне купленыя на “Дынама” джынсы і цярпліва фарбавала іх у ночвах, каб яны сталі дымчата-чорныя, як я хацеў. Якая смажыла мне грэнкі: батон, яйка, цукар – і ніякія тарты не вытрымлівалі зь імі канкурэнцыі. У якой я начаваў, вяртаючыся ўначы пехатою ў Шабаны зь іншага канца гораду: у пустых кішэнях джынсаў не было ні капейкі. Бабуля, якая скончыла тры клясы беларускай школы падчас вайны і любіла дэклямаваць, гледзячы на мяне зь любоўю і мяккім папрокам: