Як для брытанца для Джойса першым парыскім вакзалам быў Gare Saint-Lazare. Туды прыбывалі ўсе цягнікі зь Лёндану. А мы жывем з табой каля Gare de l’Est, Усходняга вакзалу – менавіта сюды Джойс і Нора, нежанатыя грэшнікі, наіўныя і нахабныя вандроўнікі, апантаныя каханьнем і ўцёкамі, упершыню прыехалі некалі з таго самага Saint-Lazare, кіруючыся ў Цурых. Грошай ледзь хапіла на фурмана. Адзін чамадан і адзін куфар – вось які быў іхны багаж. Джойс пакінуў Нору на boulevard de Strasbourg, проста на лаўцы, а сам пабег па знаёмых шукаць франкі, каб даехаць да Швайцарыі. Яна праседзела тут дзьве гадзіны, і самыя розныя думкі наведвалі яе рудую галаву. Побач прысела тоўстая Парыжа, без спачуваньня пазіраючы на чужаземку, якая ўвесь час уздыхала. Норы ўжо тады падалося, што Джойс ня вернецца, кінуўшы яе тут. Тое самае нашэптваў Джойсу д’ябал, галасамі ягоных дублінскіх прыяцеляў: кінь яе, нашто яна табе трэба, гэтая баба, кінь, ты ў Парыжы… Але ён вярнуўся, выпіўшы, але з грашыма. І яны вярнуліся на вакзал і ў тую самую ноч цягнік павёз іх на паўднёвы ўсход, у Жэнэву і Цурых. Так пачалася іх гісторыя, гэта – яе сапраўдны пачатак. А наш з табой пачатак хай будзе для ўсіх сакрэтам – пакуль нехта не захоча зрабіць з малога вялікае і бачнае, з чужога – сваё.
Магчыма, гэта адзіная традыцыя і адзіная пераемнасьць, у якую я веру.
Джойсавых мясьцінаў у Парыжы багата – ён пражыў тут амаль дваццаць гадоў. Кватэра на square de Robiac, дзе пісаліся “Памінкі па Фінэгане”, і шпіталь на rue Cherche-Midi, дзе ён наведваў жонку і знаёмых, і rue Casimir-Périer, дзе здымаў кватэру сакратар Джойса Поль Леон і дзе ішла праца над першым францускім перакладам “Ганны Лівіі Плюрабэль”, жанчыны-ракі. Avenue Saint-Philibert, дзе Джойс зьняў кватэру ў 1930. Rue Edmond Valentin – самая шыкоўная кватэра ў жыцьці Джойса: каля Эйфэлевай вежы, пяць пакояў, тэлефон, цэнтральнае ацяпленьне, ліфт… Праўда, тады ён быў ужо амаль сьляпы і вельмі знакаміты. Hôtel Corneille у Лацінскім квартале, дзе Джойс жыў яшчэ ў “бязнорны” пэрыяд, у свой першы прыезд у Парыж у 1903 – ягоны першы парыскі кут.
Сьпіс няпоўны – бо сьвет Джойса няпоўны, і ніколі ня будзе поўным, інакш бы ён усё гэта не напісаў. А Ян Максімюк не пераклаў бы палову “Ўліса” на беларускую. І наогул, калі б ня Джойс, нічога гэтага магло б і ня быць. Калі б ён не вярнуўся тады да Норы на boulevard de Strasbourg, калі б яна вярнулася ў Дублін, зьняслаўленая, раздушаная і расчараваная здрадай. Калі б люстэрка служанкі ня трэснула, калі б сваё засталося сваім, а чужое чужым. Калі б я не сустрэў цябе – усё было б інакш, і я ня стаў бы пісаць гэтую дзіўную кнігу, у якой мне можна ўсё.
8. Букіністы. Гатэлі. Адсутнасьць
На маім стале – францускі пераклад “Уліса”, зроблены Валеры Лярбо і выдадзены напрыканцы пяцідзясятых. Гэта твой падарунак на мае народзіны – і ты задаволена і хітра ўсьміхалася, гледзячы ў мае шалёна-шчасьлівыя вочы. Табе чамусьці падабаецца рабіць мяне такім: быццам ты перакладаеш мяне на розныя мовы і глядзіш, што выйдзе. Выходзіць кожнага разу па-новаму: дзякуючы табе я адкрыў у сабе неверагодна шырокі дыяпазон самых розных рэакцый. Шалёна-шчасьлівы Бахарэвіч – гэта зусім ня тое, што па-сабачаму шчасьлівы Бахарэвіч, і ня тое, што стамлёна-шчасьлівы. Я з ахвотай падыгрываю табе, і ты гэта ведаеш, я ў кожны момант гатовы табе падыграць, бо мне важнае адчуваньне гульні і цуду.
Мы купілі гэтага “Ўліса” ў букіністаў, тых самых гордых парыскіх букіністаў, якія раскладваюць свае цёмна-зялёныя шапікі-скрыні на беразе Сэны, як быццам вылавілі іх толькі што ў яе шэрых водах і цяпер сушаць. Сырыя кнігі, азяблыя рэчы, дрогкія рукі, над іхнымі шапікамі вогкі пах часу, застарэлага кашлю і рачны холад костак. Я думаю, што зь мяне выйшаў бы цудоўны букініст, бо я з задавальненьнем сядзеў бы тут з раніцы да вечара, у капелюшы, папіваючы віно і курачы: старамодны худы маўклівы дзядзька, які перхае ў шалік і складвае манэты ў кішэню даўгога паліто. Пастаяўшы каля кніг, заражаешся іхнай сырасьцю – быццам ты прачытаў іх усе лёгкімі, а не вачыма.
Сярод выстаўленых імі выданьняў, ад антыкварных да букіністычных, няма ніводнага, аўтарам якога быў бы наш суайчыньнік. Ніводнага беларуса. Нават Купалы і Коласа, якія нас гадавалі, гадавалі ды ня выгадавалі, там няма. Там наогул няма ніводнага намёку, што мы існуем ці некалі існавалі. І гэта нягледзячы на тое, што пераклады былі – успомніць хаця б анталёгію беларускай паэзіі “У краіне паэтаў” (Парыж, 1982). Кніжка, якая што была, што не была – сьледу не пакінула. Сышла і болей ужо ня вернецца. Як Алеся… Выходзілі анталёгіі, сякія-такія пераклады, эмігранцкія газэты… Дзе яно ўсё?
На букіністычных мапах Парыжу нас не існуе. Гэта, вядома, рука Масквы – якая пяшчотна абдымае нагу няўдзячнай Эўропы, але ад выкрыцьця гэтай эратычнай змовы лягчэй ня робіцца. Не збылося прароцтва настаўніка Мамона, зробленае ім для свайго прыяцеля Самсона Самасуя:
Відаць, часу ў Мамона не знайшлося – хоць здольнасьці былі. Мрыя па-француску дагэтуль няма – а рознай чухні, зь якой асацыюецца Ўсходняя Эўропа, заваліся…
Калі твая краіна не існуе ў кнігах – значыць, яна не існуе наогул. І гэта мусіла б выглядаць трагедыяй ці фарсам, як каму падабаецца (беларусам трагедыя падабаецца больш, таму што гэта слова зь іхнага штодзённага лексыкону – ды і казьліныя песьні нам неяк больш звычныя). Але мне ўсьведамленьне нашай адсутнасьці дорыць імгненьне гордасьці і радасьці. Хваляваньне, якое ўзьнікае, калі ты разумееш, што зваліўся на іх усіх зь месяца, што цябе няма, ты чалавек зь няісных, прывідных кніг, нельга прамяняць на якое іншае: ні на нацыянальную гордасьць, ні на абурэньне, ні на крыўду. Пагатоў Парыж такой драбязы ня чуе.
Пагатоў ты ёсьць. Ты і твая краіна, якую табе ўдалося працягнуць у Парыж амаль кантрабандай. Вось мы з табой заходзім у нашую кнігарню “Shakespeare and Company”. І ў вочы адразу кідаецца чорная тоўстая кніжка, што ляжыць недалёка ад касы: анталёгія “Best European Fiction-2016”, выдадзеная ў Амэрыцы. У ёй – маё апавяданьне “Талент заіканьня”, перакладзенае на ангельскую Верай Рыч. Мы бачыліся зь ёй толькі аднойчы, у Брусэлі. На ёй было чорнае паліто, прыгожа засыпанае кацінай поўсьцю. Яна пахла коцікамі і геніяльнасьцю. Вера Рыч курыла мужчынскія цыгарэты, мы выпілі па каве і памаўчалі. А потым яна памерла. І вось цяпер дзякуючы яе перакладу я – адзіны беларускамоўны аўтар, тэксты якога мы за месяц знайшлі ў Парыжы, хай сабе і па-ангельску. Яшчэ ў расейскай кнігарні на авэню дэ Вальтэр мы бачылі Сьвятлану Алексіевіч у трох тамах, а на днях расейскай кнігі ў Парыжы, кажуць, будзе прэзэнтавацца і намінавацца на прэмію пераклад ці то з расейскай, ці то зь нямецкай на францускую “Гораду Сонца” Артура Клінава. Вось і ўсё. Адзін “Талент заіканьня” на ўвесь Парыж.
“Shakespeare and Company” у Парыжы – гэта нашая парыская кнігарня ЛогвінаЎ, нашая тутэйшая кнігарня Галіяфы, нашая Кнігарня пісьменьніка і нашая кнігарня “Веды” ў Сталіцы сьвету. Мы ходзім туды па панядзелках – як і ў Менску кожны тыдзень хадзілі на імпрэзы, але тут ня мы – героі, тут нас ніхто ня ведае. Можна, вядома, задраць нос: “Я суайчыньнік Купалы!” – але што гэта значыць, Coupala, ня ведаюць нават прафэсары Сарбоны. Парыж вылечыць вас ад ілюзій – калі ўжо Менск падаецца вам такім непераканаўчым.
Кнігарню ангельскамоўнай літаратуры “Shakespeare and Company” (паспрабуем уявіць сабе ў цэнтры Менску магазінчык “Купала і прыяцелі”) заснавалі ў 20-х гадах амэрыканка Сыльвія Біч і яе сяброўка, а мо і каханка, а мо і тое, і другое: Адрыен Манье. Тут прэзэнтаваў свае кніжкі Джойс, тут бывалі ўсе зоркі эўрапейскай літаратуры, тут знаходзіўся цэнтр парыскай літаратурнай эміграцыі з англамоўнага сьвету, цэнтр, ад якога па ўсёй даваеннай Эўропе разыходзіліся такія шырокія і важныя колы, што мы адчуваем іх дагэтуль. Спачатку кнігарня стаяла на rue Dupuytren, а недзе зь пяцідзясятых гадоў яна месьціцца паблізу ад Нотр-Дам – перайдзіце мост, павярніце налева, не азірайцеся, калі вас паклічуць з рэстарацыі – і вы пабачыце зялёную з жоўтым стылёвую шыльду. А лепш заблукайце, наплюйце, забудзьце – я раўную да нашай “Shakespeare and Company” любога, хто набліжаецца да яе бліжэй чым за дзесяць мэтраў. Гэта нашая з табой кнігарня. Беларусам і рэтраградам уваход забаронены.
Як і Купалу – у сьвет эўрапейскіх літаратурных знакамітасьцяў. Хоць ён цалкам заслугоўвае месца хаця б побач з Прэшэрнам і Пэтэфі. Ягоных “Паяжджанаў” можна цытаваць разам з найлепшай паэзіяй дваццатага стагодзьдзя – а ягоная паэма “Над ракой Арэсай” магла б заняць першае месца ў сьпісе самых бяздарных паэм, створаных няшчаснымі людзьмі ў часы дыктатуры.
Калі думаеш пра Парыж у Купалы – адразу згадваеш гатэль. Гатэль “Парыж” з купалаўскай п’есы “Тутэйшыя”, дзеяньне якой сягае часоў рэвалюцыі і “польскай акупацыі”.
Правінцыйных гарадоў у Расейскай імпэрыі, якія б ня мелі гатэлю “Парыж”, здаецца, проста не існавала. Як сапраўдная сталіца сьвету, Парыж вандруе па чужых вуліцах, учэпістым словам павісае на шыльдах, запаўняе сабой зарэзэрваванае месца ў памяці. Менскі гатэль “Парыж” стаяў там, дзе нядаўна была Малая сцэна Купалаўскага тэатру, на вуліцы Энгельса, побач з мэтро. У 20-я ў былым гатэлі месьціўся Дом чырвонай арміі, дзе кавалерыстаў вучылі страляць і падкоўваць коней. І вось туды, у гатэль “Парыж”, цягае нарабаваныя рэчы неўміручы купалаўскі пэрсанажык Мікіта Зносак. А адкуль? Ды з Архірэйскага падворку (там цяпер Дом афіцэраў) – блізка, зручна, надзейна. Зносак, які цягае чужыя рэчы ў “Парыж”, зьвяртаецца да “начальніка” няйнакш як “мусье таварыш” – Купалу гэта падалося дужа дасьціпным. Такое ў яго было пачуцьцё гумару.