Книги

Усё ўлічана. All inclusive

22
18
20
22
24
26
28
30

Швэду каля сямідзесяці-васьмідзесяці, ён зморшчаны, як разынка, скрозь пакрыты плямкамі й бародаўкамі, валасоў на галаве амаль няма, навошта прыйшоў?

Майстар-цырульнік Віталь стаяў і разважаў: што менавіта стрыгчы гэтаму старому мужчыну, хіба толькі валасы ў вушах?

Швэд першым пачаў размову, прапанаваўшы пасьля працы сустрэцца зь ім і ягоным сябрам, пагуляць па Менску, завітаць у бары, клюбы… Цырульнік адразу сьцяміў такі расклад і наадрэз адмовіўся ад усяго.

– Ды ладна табе, ты вельмі прыгожы малады чалавек, я – стары, я нават не жадаю з табою спаць, калі ты хочаш, можаш ты мяне таго… А? Альбо калі што, я табе адсмакчу ў сваім нумары, разумееш, гэтая грэбаная старасьць, але я вельмі хачу хаця б проста пасмактаць. Вядома, было б нашмат круцей, калі б ты мяне. Гэтым займаліся нават старажытныя грэкі, такім чынам яны перадавалі сваім вучням філязофскі розум, ну й прастату масажавалі… – стары быццам размаўляў сам з сабою, варочаючы галавою ў розныя бакі, – Колькі ты хочаш? Дзьвесьце эўра, трыста, чатырыста, пяцьсот? – швэд нэрвова шчабятаў і намагаўся сваімі скручанымі рукамі схапіць рукі стыліста, каб знайсьці зь ім больш шчыльны кантакт. Ён пазіраў празь люстэрка мутнымі аліўкавымі вачамі, крэкаў, усьміхаўся, варушыўся пад пэнюарам.

Віталь зьбялеў, потым пачырванеў, рукі ў яго пачалі трэсьціся, і ён паклікаў асыстэнта, каб той скончыў замест яго працу. Віталь быў абураны, ён ненавідзеў такіх людзей, ён ненавідзеў сваю працу, яго злавалі кліенты.

Старыя швэды ўвесь вечар дзяжурылі каля дзьвярэй салёна, чакалі, калі гэты малады прыгожы цырульнік, з матаваю скураю й чырвонымі вуснамі, аточанымі мяккім шчаціньнем, пойдзе хаця б паліць ва ўнутраны дворык гатэлю, але той не выходзіў.

Праз колькі гадзін ахоўнік Віктар, які ў гатэлі па начох падпрацоўваў жыгалам, падышоў да старых швэдаў і папрасіў іх у нумары, бо тыя пачалі ўжо замінаць працаваць салёну й суседняму фітнэс-цэнтру сваімі вільготнымі позіркамі й уяўным сьлінацёкам.

Наступнай зімовай раніцай Віталь, галодны й зьмерзлы (у здымнай кватэры кепска працавалі батарэі), прачнуўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў уверх, пад стольлю вісела самотная, празрыстая, круглая лямпачка. Раніца толькі займалася, сьвятло праз карычневыя фіранкі праходзіла халодна й тужліва, быццам быў вечар, а ня раніца. Цырульнік сеў на ложку, закрануў нагой пустую бутэльку з-пад партвэйну, тая гучна пракацілася па драўлянай падлозе й трапіла на падраны кілім.

Ізноў трэба выпраўляцца на ненавісную працу, ізноў да вечара быць у атачэньні людзей, размаўляць з супрацоўнікамі й зладзеяватымі адміністратарамі, якія толькі й сачылі з-пад ілба за ім, нагаворваючы на яго кліентам на карысьць сваёй сяброўкі, якая стрыгла кепска, але фанатычна ставілася да грошай і да месца ў салёне. Ізноў грэбаны калектыў, які яго не прымае, ізноў адныя і тыя ж размовы, мацюкі, піцьцё кавы, спробы адасобіцца ў кладоўцы з кнігаю. Грошай як не было, так і дагэтуль няма.

Праца ў сфэры абслугоўваньня часта падобная да працы на заводзе – заробак малы, але каб пражыць акурат да наступнага. Менавіта праз гэта чалавек застаецца там гадамі, бо калі ён атрымае больш грошай, пачне марыць і плянаваць лепшае жыцьцё, лепшую працу, пажадае адкрыць сваю фірму, свой салён, паспрабуе пераехаць, эміграваць… Але гэта нецікава тым, хто займае высокія пасады. Ты мусіш зарабляць столькі, каб хапала на ежу, і баста.

Цырульніку яшчэ ўчора прапаноўвалі пяцьсот эўра… А што, заплюшчыў бы вочы й уявіў бы якуюсь са сваіх любімых італійскіх порнаакторак залатых дзевяностых, тую ж Сэлэну Дэ Росу альбо Моніку Рокафортэ, якія працавалі на легендарнага рэжысёра Марыё Сальеры… Няхай бы стары швэд захлынуўся ягонай спэрмай.

Грошы, грошы, паўсюль грэбаныя грошы, паперкі, якія дыктуюць свае правілы, робяць зь людзей блядзей.

Віталь падняўся з ложка й выправіўся ў прыбіральню, майткі на ягоным целе ледзь трымаліся, парваныя ззаду й перакручаныя празь неспакойны сон.

Пяцьсот эўра, і будзе магчымасьць месяц не працаваць, ня гнуць сьпіну й ногі дзеля мізэрных адсоткаў ад праробленай працы, дзеля няшчасных чаявых, якіх хопіць роўна на хлеб, кільку ў тамаце, дзьве бутэлькі партвэйну, пачак цыгарэт, бутэльку мінэралкі й адкласьці колькі тысяч у тэчку, каб на пачатку новага месяцу заплаціць за кватэру. І ўсё. І гэта вынік ягонага сталеньня. І гэта тое, да чаго ён імкнуўся? Пра што марыў у дзяцінстве? Ах так, ня трэба забывацца на той факт, што ён часам падзарабляе працаю дома са сваімі пастаяннымі кліентамі.

Цырульнік вырашыў, што калі сёньня швэды ізноў прыйдуць, ён, напэўна, трахне іх і за меншыя грошы, яшчэ да таго, як яны пасьпеюць зжэрці свае кантынэнтальныя сьняданкі.

Сцэнарыстка

У ружовай рэстарацыі на трэцім паверсе гатэлю, зачыненай для ўсіх, акрамя пастаяльцаў, сёньня насычаны графік: другі дзень запар здымаюць нейкі безгустоўны расейскі сэрыял пра мянтоў… Дзея адбываецца падчас абеду ў пажадана цалкам невядомай для гледача прасторы, галоўныя героі – ён (мяркуючы па ўсім, забойца) і ён (мяркуючы па ўсім, бязьвінны, але чамусьці гэтаму ніхто не дае веры)… Сцэнар тупы й просты – падстава ў забойстве бязьвіннага чалавека… Здымаюць усё ў Менску, бо ў Беларусі зьняць сярэдненькі расейскі фільм альбо сэрыял у пяць разоў таньней, чым у расейскай глыбінцы, дзе кошты накручваюць тоўсты губэрнатар і мясцовы мэнталітэт.

З аднаго боку тут, на здымачнай пляцоўцы, паўсюль адчуваецца эканомія спонсарскіх грошай – ад танных плястыковак і запаранай кавы “Жокей” у тэрмасах да непадрыхтаванага пэрсаналу, а з другога – усе паводзяць сябе, як барчукі са сваім імпэрыялізмам.

Па ўсіх законах эканоміі выпісваць сцэнарыста з Масквы ня сталі, хопіць галоўных актораў, якія абыходзяцца, як цэлы полк масоўкі для ваеннага фільма, таму сцэнарыста шукалі ў Менску. І знайшлі. Галіна Фэліксаўна адпісала сцэнар паводле пляну, як мае быць, выклалася выдатна, хутка, чыста, прафэсійна й на тыдзень раней за тэрмін. Галоўны рэжысёр запрасіў яе на здымачную пляцоўку, трэба было пабачыцца, пагутарыць, пазнаёміцца, расплаціцца… І гэта, як выявілася, было памылкаю ад самага пачатку…

У рэстарацыі зьявілася жанчына невядомага ўзросту ў чорным ваўняным кажуху, у хустцы, з чырвоным тварам, з саплямі на верхняй губе, зь вялікімі чырвонымі вачыма, позірк якіх блукаў па прасторы. Яна зрабіла колькі крокаў у бок апэратара й спынілася каля актораў. Крочыла яна цяжка, хада ў яе была напорыстая, ногі тоўстыя, круглыя, як ружовыя калёны ў рэстарацыі, абутак быў стаптаны й хутчэй нагадваў штосьці самаробнае, спадніца ледзь праглядала чорным краем з-пад кажуха. У адной руцэ жанчына трымала чорную торбу, а ў другой шэрыя варэнкі, якімі час ад часу дакраналася да сьлязьлівых вачэй і носу, зь якога няспынна цяклі зялёна-празрыстыя соплі. Галіна Фэліксаўна – ва ўсёй прыгажосьці й неадэкватнасьці.